03.04.2023 Тэгі: адміністратыўны пераслед, ціск, рэпрэсіі У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 1-3 красавіка збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
1 красавіка
З'явілася інфармацыя пра ператрусы і затрыманні ў Дзяржынску
Паведамляецца, што ператрусы адбываюцца ў як мінімум 5 чалавек.
UPD. Як паведаміў @koidanava, учора ўздоўж дарогі былі вывешаны сцяжкі — пры спробе іх зняць нібыта была знойдзена выбухная прылада.
Паведамляецца, што ператрусы адбываюцца, папярэдне, ва ўсіх, хто, учора праязджаў з раніцы і да моманту выяўлення прылады каля месца здарэння, а таксама ў тых, хто раней затрымліваўся па палітычных матывах.
Ёсць інфармацыя пра дзясяткі ператрусаў і як мінімум 3 затрыманых.
Пазней стала вядома, што ў сілавікоў быў спіс на прыкладна 30 чалавек — у гэтых людзей сёння і павінны былі адбыцца ператрусы. Большасць з людзей пасля ператрусаў адпускаюць, аднак вядома, што як мінімум двое дагэтуль знаходзяцца ў РАУС.
Вядома, што сёння ўвечары дзяржынскія ўчастковыя ходзяць па людзях з нейкага свайго спісу і праглядаюць у іх тэлефоны.
Жыхары Дзяржынску распавялі правабаронцам абставіны хапуна:
«Працаваў САХР і АМАП. Пастанова выпісаная з нагоды "ўстаноўкі выбуховага прыстасавання на трасе ў раёне Петкавіч". Ператрусаў шмат, затрымліваюць не ўсіх: праводзяць ператрус, спампоўваюць інфармацыю з тэлефона, многіх адпускаюць, нават нічога не вымаючы. Аднаго чалавека выводзілі з дому з пакетам на галаве і ў кайданках. Многіх правяраюць, таму што яны трапілі на камеры відэаназірання на ўездзе ў Дзяржынск. Пытаюцца, навошта і куды ездзіў».
Дзяўчыне, затрыманай пасля «зачысткі» ў Круглым, выклікалі хуткую
Як стала вядома @MAYDAYMog, да затрыманай у райцэнтры Круглае на Магілёўшчыне Аліны Гаравой увечары 30 сакавіка выклікалі «хуткую». На той момант жанчына яшчэ знаходзілася ў Круглянскім РАУС і чакала адпраўкі ў магілёўскі СІЗА.
Паводле інфармацыі MAYDAY, у жанчыны абвастрыліся хранічныя захворванні. Сілавікі не далі яе шпіталізаваць, патлумачыўшы гэта тым, што ў СІЗА, куды яна павінна была пасля накіравацца, маецца дзённы стацыянар.
2 красавіка
Анархіста Яўгена Рубашку зноў змяшчалі ў ШІЗА
Яўгена ў лютым на месяц адправілі ў ПКТ, але пасля гэтага, як паведамляе @FreedomIsARight, яго зноў закідвалі ў ШІЗА агулам на 17 сутак. Аб ціску адміністрацыі калоніі на вязняў ён паведаміў у лісце, які даслаў на волю.
Інфармацыя дапаўняецца
Крыніца: Масавыя затрыманні ў Дзяржынску, ціск на палітвязняў: хроніка пераследу 1-3 красавіка