03.04.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, грамадства, ціск, рэпрэсіі, дыфамацыя 14 сакавіка 2023 году ў судзе Ленінскага раёну Гродна вынесены прысуд Аляксандру Дзюбе. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 368 (Абраза Лукашэнкі) і арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады) Крымінальнага кодэксу і асудзілі на паўтара года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Да прысуду мужчына ўтрымліваўся пад вартай. Таксама мужчына мусіць выплаціць штраф у памеры 100 базавых велічыняў (3700 рублёў).  

Прысуд вынесла суддзя Наталля Горбач. Канчатковае пакаранне вынесенае шляхам паглынання менш строгага тэрміну больш строгім і далучэннем дадатковага пакарання. Паводле арт. 368 Крымінальнага кодэксу, Дзюбу асудзілі да 1,5 гадоў пазбаўлення волі, паводле арт. 369 КК — да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ і штрафу.

Акрамя гэтага, абвінавачаны мусіць выплаціць кампенсацыю маральнай школы пацярпелым — шэсць тысяч рублёў (па тысячы рублёў кожнаму) і 666 рублёў дзяржпошліны.

Згодна з абвінавачаннем, Дзюба пакінуў публікацыі, якія зневажалі гонар і годнасць Лукашэнкі і ўтрымлівалі "ненарматыўную форму моўнага выказвання" ў адносінах да яго. Таксама ён размясціў у сацсетках публікацыі з фотаздымкамі міліцыянтаў, суправадзіў іх тэкстам з негатыўнай ацэнкай. Сярод іх была выявы супрацоўнікаў ізалятараў часовага ўтрымання са свастыкай, Лукашэнкі з імправізаванай шыбеніцай.

Мужчына прызнаў віну цалкам. Ён распавёў, што зрабіў рэпост інфармацыі на Facebook. Усе пацярпелыя заявілі, што публікацыя прычыніла ім маральную шкоду. 

Крыніца: За рэпосты мужчыну асудзілі на паўтара года калоніі. Ён мусіць выплаціць больш за 10 тысяч рублёў