03.04.2023 Тэгі: адміністратыўны пераслед, пераслед, рэпрэсіі На працягу апошніх трох дзён у Дзяржынску і ваколіцах праходзяць масавыя ператрусы і затрыманні. Гэта звязана з тым, што 31 сакавіка ўздоўж дарогі каля гораду былі вывешаны сцяжкі Беларусі і Украіны, а пры спробе іх зняць сілавікі нібыта знайшлі выбухную прыладу. Ператрусы праводзяцца на падставе пастановы, якая выпісаная з нагоды "ўстаноўкі муляжа выбуховага прыстасавання на трасе ў раёне Петкавіч". Мясцовыя жыхары распавялі "Вясне" падрабязнасці "хапуна" ў Дзяржынску.
Людзі моцна запалоханыя і баяцца нешта казаць, просяць не раскрываць прозвішчы тых, хто трапіў пад "хапун". Паводле мясцовых жыхароў, ператрусы і затрыманні з 1 красавіка ладзяць супрацоўнікі САХРа і АМАПа. Прыходзяць да тых хто, 31 сакавіка праязджаў з раніцы і да моманту выяўлення прылады каля месца здарэння, а таксама да тых, хто раней затрымліваўся па палітычных матывах. Увечары 1 красавіка дзяржынскія ўчастковыя хадзілі па людзях з "нейкага свайго спісу" і праглядалі іх тэлефоны. Паведамляецца, што сілавікі правяраюць не толькі жыхароў Дзяржынску, але і навакольных вёсак, такіх як Навасёлкі, Энергетыкаў, Петкавічы.Толькі 1 красавіка ў Дзяржынску правялі каля 30 ператрусаў.
"Ператрусаў шмат, затрымліваюць не ўсіх: праводзяць ператрус, спампоўваюць інфармацыю з тэлефона, многіх адпускаюць, нават нічога не вымаючы. Аднаго чалавека выводзілі з дому з пакетам на галаве і ў кайданках. Многіх правяраюць, таму што яны трапілі на камеры відэаназірання на ўездзе ў Дзяржынск. Пытаюцца, навошта і куды ездзіў.
Па некаторых адрасах хадзілі ўчастковыя, правяралі тэлефоны, амаль усім ставілі нейкі бот, падаецца, "Магнит" называецца, але і правяралі падпіскі, лайкі, прагляды, перапіску. Некалькі чалавек распавялі, што ім усталявалі маячкі на машыны", — распавядаюць мясцовыя.
Паводле інфармацыі мясцовых жыхароў, за гэтыя дні агулам было затрымана каля 45 чалавек, але частку адпусцілі. Па недакладных дадзеных, у РАУС знаходзіцца каля 10 чалавек. Суды павінны адбыцца сёння быць пасля абеду, але ў судзе нічога дакладна не паведамляюць, адказваюць:
"Калі атрымаецца, тады суды і пройдуць".
У раскладзе суда Дзяржынскага раёна на сайце Вярхоўнага суда сёння адміністрацыйныя працэсы над затрыманымі не значацца.
У панядзелак, 3 красавіка, у Дзяржынску працягнуліся ператрусы, але "такой актыўнасці няма, як у суботу".
"Сёння былі адзінкавыя выпадкі, калі некаторыя людзі не выходзілі на сувязь. Пры гэтым, на вуліцах Ціхай, Шарко і Макаўчыцкай былі заўважаныя бусы і людзі ў поўнай экіпіроўцы".
Нумар артыкула Крымінальнага кодэкса, у межах якога праходзяць ператрусы, пакуль невядомы. Пры першых пастановах было пазначана "выбуховае прыстасаванне", а цяпер — "размяшчэнне муляжа выбуховага прыстасавання".
Крыніца: 45 затрыманых, ператрусы па спісе і маячкі на машынах. Падрабязнасці "хапуна" ў Дзяржынску