03.04.2023 Тэгі: палітвязні, праваабаронцы, салідарнасць, справа Вясны Асобы: Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч, Марфа Рабкова, Леанід Судаленка, Андрэй Чапюк Бельгійская арганізацыя “Дзеянні хрысціянаў за адмену катаванняў” (ACAT) прапануе звярнуцца да ўладаў Беларусі з заклікам адмяніць судовыя выракі зняволеным праваабаронцам “Вясны”, безумоўна вызваліць іх і ўсіх палітвязняў.
У звароце акцэнтуецца ўвага, што напачатку сакавіка былі вынесеныя суровыя прысуды лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру і кіраўніку “Вясны” Алесю Бяляцкаму, яго намесніку Валянціну Стэфановічу і юрысту Уладзіміру Лабковічу. Гэта адбылося ва ўмовах вайны і ўзмацнення жорсткасці рэжыма Лукашэнкі, няспынных рэпрэсій і катаванняў у Беларусі, татальным падаўленні галасоў грамадства, якое пазбаўленае свабоды думкі і выказвання меркаванняў.
Падпісанты заклікаюць:
- Гарантаваць пры любых абставінах недатыкальнасць усіх актывістаў “Вясны” і іншых арганізацый, журналістаў у Беларусі, а таксама ўсіх рэлігійных лідараў, у тым ліку Уладзіслава Багамольнікава і Дыянісія Карасцялёва.
- Адмяніць прысуд Алесю Бяляцкаму, Валянціну Стэфановічу, Уладзіміру Лабковічу, Леаніду Судаленку, Марфе Рабковай, Андрэю Чапюку, неадкладна і безумоўна вызваліць іх. Любыя іншыя адвольна зняволеныя праваабаронцы таксама павінны быць вызваленыя, каб яны маглі працягваць сваю законную дзейнасць.
- Гарантаваць права кожнага абвінавачанага на належную прававую абарону і справядлівы суд, а таксама бесперашкодны доступ да сваякоў і адвакатаў.
- Спыніць усе акты пераследу — у тым ліку на судовым узроўні — у дачыненні да такіх асоб і забяспечыць пры любых абставінах, каб яны маглі ажыццяўляць сваю дзейнасць без перашкод і страху рэпрэсій.
- Гарантаваць правы на свабоду думкі, рэлігіі і асацыяцыі, замацаваныя ў артыкуле 22 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Прыхільнікі ACAT ужо накіравалі шэраг такіх зваротаў уладам Беларусі.
Нагадаем, цяпер за кратамі знаходзіцца шасцёра праваабаронцаў "Вясны": кіраўнік Алесь Бяляцкі, яго намеснік Валянцін Стэфановіч і юрыст Уладзімір Лабковіч былі асуджаныя да дзесяці, дзевяці і сямі гадоў зняволення адпаведна; кіраўнік Гомельскага аддзялення Леанід Судаленка быў пакараны трыма гадамі калоніі; каардынатарцы Валанцёрскай службы Марфе Рабковай прысудзілі прысудзілі 14 гадоў і 9 месяцаў калоніі, а валанцёру Андрэю Чапюку — 5 гадоў і 9 месяцаў зняволення.
Крыніца: Прыхільнікі ACAT да ўладаў Беларусі: "Гарантаваць недатыкальнасць усіх актывістаў "Вясны"