31.03.2023 Тэгі: крымінальны пераслед, грамадства, скаргі, палітвязні, ціск, умовы ўтрымання, рэпрэсіі На гэтым тыдні стала вядома, што праз жорсткае абыходжанне са зняволенымі ў ПК № 14 у Навасадах, 26 сакавіка выкінуўся з акна з другога паверха адзін са зняволеных — Уладзімір Іпатаў. Вядома, што мужчыну судзілі паводле палітычнага артыкулу. Цяпер ён знаходзіцца ў шпіталі Барысава.

Ва ўмовах зняволення ў людзей часта не застаецца іншых механізмаў, акрамя радыкальных, каб паўплываць на сітуацыю ці хаця б прыцягнуць увагу грамадскасці да яе. Жорсткі ціск, катаванні, невыносныя ўмовы жыцця і працы ўсё часцей вымушаюць палітзняволеных выказваць пратэст жорсткімі метадамі. Галадаванні, рэзанне венаў і нават чырвоная памада — сёння ўзгадваем метады пратэсту ў беларускіх СІЗА і калоніях, а таксама тлумачым, наколькі гэта законна і ці можа ўплываць на сітуацыю.     

Галадаванне

Палітзняволеныя часта прыбягаюць да галадавання як спробы абараніць свае правы. Так, вядомы палітзняволены філосаф Уладзімір Мацкевіч такім чынам спрабаваў змяніць меру стрымання на падпіску аб нявыездзе, завяршыць следчыя дзеянні і прызначыць дату судовага разгляду. Ён абвясціў галадаванне трэцяга лютага 2022 году, а з 15 лютага трымаў “сухую галадоўку” — гэта значыць, не ўжываў ні вады, ні ежы. 16 лютага ён завяршыў галадаванне: паводле ягоных словаў, якія перадаў адвакат, “справа зрушылася з мёртвай кропкі”. Суд над Уладзімірам Мацкевічам распачаўся толькі амаль праз чатыры месяцы.

Былая жонка палітвязня, метадолаг і незалежная экспертка ў галіне адукацыі Святлана Мацкевіч тлумачыла, якія сэнсы бачыць у галадаванні мужчыны:

Уладзімір сваёй галадоўкай дае сігнал і заклік, што час змяняць сітуацыю, час перастаць іх шкадаваць і пакутаваць. Трэба ісці ў супраціў. Трэба пачынаць прабіваць сценку. У сутнасці, Уладзімір сваёй галадоўкай дае нам нагоду і нібы раскручвае ў зваротны бок сітуацыю палітычнага завісання і дэпрэсіі.

На палітычным полі мы займаемся шмат якімі рэчамі, але перамога ўсё аддаляецца. Актыўны пратэст, якім ён быў у 2020 годзе, мы ўжо наўрад ці зможам прадэманстраваць. Значыць, трэба шукаць іншыя метады, не асабліва разлічваючы на замежную дапамогу, "эканамічны цуд" і г.д. Мы ў сітуацыі завісання. І Уладзімір сваёй галадоўкай як быццам звяртаецца да грамадства: "Карыстайцеся момантам, пачынайце з мяне!"

"Уладзімір сваёй галадоўкай дае сігнал"

Шосты дзень галадоўкі палітзняволенага філосафа.

Гучным прыкладам галадавання стаў учынак Ігара Лосіка. Адміністратар тэлеграм-канала “Беларусь головного мозга” абвясціў безтэрміновае галадаванне ў снежні 2020 году ў знак пратэсту з нагоды новых абвінавачанняў, якія яму выставілі. Тады ў салідарнасць з ім да галадавання далучылася ягоная жонка Дар’я Лосік, якая амаль праз два гады таксама стала палітзняволенай. Ігар трымаў галадаванне 42 дні, сваё рашэнне спыніць яго ён патлумачыў просьбамі тысяч беларусаў дачакацца перамогі здаровым ды хваляй салідарнасці. Напрыканцы галадавання стан ягонага здароўя пагоршыўся: пачаліся праблемы з артэрыяльным ціскам, шум у галаве.  

Ігар Лосік так тлумачыў свой учынак:

“У мяне ніколі не было жадання неяк вылучацца, я не хацеў публічнасці. Я хацеў проста спакойна жыць і гадаваць сваю дачку. Але мяне вымусілі пайсці на гэтую крайнюю меру. Мяне арыштавалі задоўга да выбараў, і я не ўяўляў, не ўсведамляў тых кардынальных змен, якія адбыліся за апошнія паўгода. З турмы гэта не так бачна. Я зразумеў, што магу на вас разлічваць, таму што ў вас усё атрымаецца. Цяпер я ў гэтым абсалютна ўпэўнены. Вам не чужыя спачуванне і салідарнасць, а ім пляваць на пакуты сотняў сем’яў, дзяцей, на чалавечыя жыцці. Вы не падведзяце. Цяпер такія часы, калі няма няправільных рашэнняў, ёсць учынкі. Спадзяюся, што са спыненнем маёй галадоўкі тэма палітычных зняволеных не сыдзе з грамадскага парадку дня”.

Усяго блогер галадаваў падчас зняволення тройчы, таксама ён двойчы рэзаў сабе вены ў калоніі.

Наўмыснае прычыненне сабе шкоды

Наўмыснае прычыненне сабе шкоды таксама можа быць крайняй формай пратэсту. Часта гэта называюць спробамі самагубства, аднак нельга свярджаць, што ў кожным такім выпадку чалавек кіруецца мэтай менавіта пазбавіць сябе жыцця. Гэта таксама можа быць пратэстам супраць жорсткага абыходжання, спроба трапіць у медчастку, каб хаця б ненадоўга палепшыць сабе ўмовы ўтрымання і даць палёгку, спроба прыцягнуць увагу да праблемы.

Так, палітзняволены Сцяпан Латыпаў на судовым працэсе заявіў аб так званай "прэс-хаце", у якую яго ўкінула адміністрацыя турмы, каб дамагчыся прызнальных паказанняў. Пасля гэтага ён уваткнуў сабе ў горла ручку падчас пасяджэння, седзячы ў клетцы. Суд быў перапынены, мужчыну забралі ў бальніцу, дзе яго прааперавалі: пашкоджанняў жыццёва важных органаў выяўлена не было. І ўжо ў ноч адразу пасля аперацыі сілавікі забралі Сцяпана з бальніцы і змясцілі ў СІЗА-1 на Валадарскага. Ужо ў калоніі палітвязень на знак пратэсту супраць дзеянняў адміністрацыі папраўчай калоніі № 22 глытаў лязо і рэзаў вену на руцэ. Так ён пратэставаў супраць блакавання ліставання і змяшчэння палітвязняў у ШІЗА. Сцяпана змяшчалі ў івацэвіцкую лякарню пасля таго, як ён праглынуў лязо, а пасля парэзу накладалі швы на руку. Праблемы з адміністрацыяй пасля гэтага не вырашыліся.   

На судзе таксама на знак пратэсту рэзаў сабе жывот палітвязень Алесь Пушкін. За гэта яго на 13 сутак змясцілі ў карцар. Палітвязень Сяргей Пятрухін рэзаў сабе вены на знак пратэсту супраць жудаснай антысанітарыі ў камеры, куды яго перавялі, а таксама праз немагчымасць знаходжання з прысутным там кантынгентам.  

Прававыя формы пратэсту

Падчас зняволення людзі спрабуюць пісаць скаргі на меру стрымання, умовы ўтрымання, недаходжанне карэспандэнцыі ці хадайнічаюць да суду падчас разгляду справы. Палітзняволены праваабаронца Алесь Бяляцкі напачатку суда заявіў, што пракурор Аляксандр Кароль таксама павінен выкарыстоўваць у судзе беларускую мову.

"Абвінавачаным было прад'яўленае абвінавачванне на рускай мове. Вы можаце выкарыстоўваць любы з двух дзяржаўных моў, суд вас зразумее", – так абгрунтавала суддзя Запаснік адмову весці судовы працэс на беларускай мове.

Тады Бяляцкі заявіў яшчэ адно хадайніцтва — даць перакладчыка з рускай на беларускую, матываваўшы гэта тым, што ў недастатковай ступені валодае рускай мовай. На гэта абвінавачанаму адказалі, што ён знаёміўся з матэрыяламі крымінальнай справы на рускай мове і пытанняў пра разуменне ў яго не ўзнікла. Суд гэтае хадайніцтва не задаволіў.

"Я расцэньваю гэта як пагарду да беларускай мовы з боку суда і пракуратуры. Вы парушаеце мае правы як беларускамоўнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Вы прынцыпова не хочаце размаўляць на беларускай мове. Вы як чыноўнікі павінны гаварыць і па-беларуску, і па-руску ў залежнасці ад таго, на якой мове з вамі гавораць людзі. Я з вамі размаўляю па-беларуску — вы са мной размаўляйце па-беларуску. Учынілі тут двухмоўе!"

У жніўні 2022 году Мікалай Аўтуховіч паскардзіўся на ўмовы зняволенняВынік разгляду скаргі да адміністрацыі турмы №1 Гродна невядомы. Таксама палітзняволеныя пастаянна пішуць апеляцыйныя скаргі на прысуды — як правіла, іх пакідаюць без грунтоўных зменаў.

Чырвоная памада

Часам адміністрацыя папраўчых устаноў расцэньвае як пратэст нават сімвалічныя дзеянні. Так, у гомельскай калоніі жанчынаў прэсінгуюць нават за памаду чырвонага колеру, прымаючы яе за сімвал пратэсту ў знак салідарнасці з палітзняволенай Марыяй Калеснікавай. Палітзняволеная Вольга Класкоўская распавядае:

"У мяне на вуснах была чырвоная памада і шмат супрацоўнікаў калоніі вельмі падазрона на мяне глядзелі. І спыталі: "Што гэта значыць?" У сэнсе "што"? Вясна"

"Дык трэба вусны зялёнай памадай пафарбаваць пад колер нашай формы камуфляжнай", — такі быў адказ.

А іншыя аператыўнікі і адзін з кіраўнікоў калоніі мне адкрыта сказалі, штоім гэта не падабаецца, і навошта гэта я раблю? Ці то я капірую Калеснікаву, ці гэта я такую акцыю пратэсту вырашыла зладзіць, каб пазлаваць людзей у пагонах. Маўляў, у знак салідарнасці ў Калеснікавай. І адміністрацыя насамрэч разглядала мой макіяж з чырвонай памадай як пэўную змову".

Вольга адзначае, што праз гэта гучалі заўвагі і да іншых зняволеных.

Што распавядалі палітвязні?

Палітвязень Мікалай Аўтуховіч распавядаў “Радыё Свабода”, што падчас сваіх адседак у розных беларускіх турмах ды калёніях неаднойчы назіраў пратэсты зняволеных, а некалькі разоў у сувязі з самаўпраўствам турэмнікаў пратэставаў і сам — праводзіў працяглыя галадоўкі, «ускрываў» сабе вены ды жывот.

“Бываюць нават выпадкі, калі „ўскрываюць“ шыю, што вельмі небяспечна. Бо калі закрануць сонную артэрыю, то ніякая „хуткая“ не дапаможа». Але рызыкуюць і робяць гэта. Самы ж моцны пратэст — гэта калі рэжуць сябе па кадыку. Я ведаў такога чалавека. Ён пратэставаў не ў калоніі, а ў судовай зале рэзаў сабе. І толькі таму, што „хуткая“ была недалёка, яго ўратавалі. Але гэта быў адчай чалавека, якога самаўпраўна судзілі. Ён быў ужо судзімы не раз, але на яго хацелі «павесіць» моцнае злачынства. І атрымаў тэрмін, але не такі, як яму „вешалі“ па тым крымінальным артыкуле.

А што да калоніі, то там найбольш распаўсюджаныя галадоўкі. На гэта ідуць людзі, які першы раз трапілі за краты, каб іх пачулі. Ім здаецца, што калі на іх звернуць увагу праз галадоўку, можа, яны чагосьці дамогуцца, нешта зменіцца. Калі яны пераканаюцца, што галадоўка не дапамагае, то могуць наважыцца на нешта больш радыкальнае”. 

Таксама ў мінулым знаходзіліся звесткі пра акцый пратэсту за кратамі. Палітзняволены Ігар Аліневіч распавядаў, што такія акцыі здараліся рэдка, і звычайна гэта бывае як бы «выбух адчаю». Але бывае, што яны ладзіліся «свядома і арганізавана», хоць за такія дзеянні фармальна пагражае артыкул 410 — гэта «дэзарганізацыя парадку адбывання пакарання.

"Пры ўсім пры гэтым людзі ведалі, на што ідуць. Яны ведалі, што суд усё роўна прыме рашэнне не на карысьць зняволенага, які спрабаваў аспрэчыць рашэнне адміністрацыі. Але яны на гэта пайшлі дзеля прынцыпу. Гэты ўчынак карыстаўся вялікай павагай, хоць і не прынёс ніякага выніку... У некаторых выпадках важны маральны складнік, узьдзеянне, якое ўчынак аказаў на астатніх вязняў. Бо, як пісаў Салжаніцын, «галоўнае не вынік, а — якім спосабам ён дасягнуты». Галоўнае — сам намер, таму што мы не можам усё ведаць загадзя — атрымаецца ў нас ці не. Але калі мы будзем старацца правільна, паводле гонару гэта зрабіць, то гэтага ўжо дастаткова".

Каментар юрыста “Вясны” Паўла Сапелкі:

— Наогул рознага роду формы пратэстаў зняволеных па-рознаму трактуюцца нацыянальным і міжнародным заканадаўствам. Калі мы кажам пра галадаванне як сродак пратэсту – гэта правамерныя паводзіны зняволенага з пункту погляду нацыянальнага закону. Калі мы кажам пра рознага роду пашкоджанні, то за гэта зняволеных могуць пераследаваць у дысцыплінарным парадку: гэта парушэнні правілаў унутранага распарадку і патрабаванняў Крымінальна-выканаўчага кодэксу.

З пункту погляду праваабаронцы, я бы сказаў, што і тое, і другое – гэта вымушаныя і крайнія, але тым не менш спосабы выказвання свайго меркавання, на якія зняволеныя ідуць, таму што не маюць іншых варыянтаў пратэставаць праз сваё становішча. Яны не могуць, напрыклад, выйсці з плакатам да будынку адміністрацыі калоній ці звярнуцца да вышэйстаячых арганізацый, якія вырашылі бы праблему ва ўстаноўленым законам парадку. Гэта самая апошняя форма пратэсту, да якой палітзняволеныя ідуць, калі іншых спосабаў дамагчыся задавальнення абгрунтаваных патрабаванняў няма.

Ці дапамагае гэта, залежыць ад сітуацыі і часу. Цяпер мы бачым, што прадстаўнікам адміністрацыі калоніі ўжо не так важна, ці галадуе нехта, ці здзяйсняе спробы суіцыду ва ўстановах. Раней гэта часта прыводзіла да тых ці іншых змяненняў сітуацыі. Напрыклад, калі ўзгадваць сітуацыю з Мікалаем Аўтуховічам, ён у свой час праз галадаванне дамогся таго, што яму правялі некаторыя медычныя працэдуры. У калоніях часта прадстаўнікі адміністрацыі бачылі, што зняволены пастаўлены ў крайняе становішча, што ён вымушаны здзяйсняць такія дзейнні і можа нават пайсці далей, адстойваючы свае правы. І часта канфлікты тым самым вырашаліся.

Як і любая форма пратэсту, часта гэта дазваляе прыцягнуць ўвагу да праблемы. Дзякуючы ім, тая ці іншая праблема апыналася вядомай грамадскасці праз СМІ і адвакатаў, напрыклад. Альбо кіраўніцтву калоній – што таксама гэта не заахвочвалася. Адно гэта ўжо само па сабе можа часам зрушыць сітуацыю.

Крыніца: “Цяпер такія часы, калі няма няправільных рашэнняў, ёсць учынкі”. Як палітвязні пратэстуюць у зняволенні