31.03.2023 Тэгі: адміністратыўны пераслед, ціск, рэпрэсіі У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 31 сакавіка збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У Кобрыне затрымалі 25-гадовую Вікторыю Вараксіну
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што дзяўчына нібыта была кіраўніком Telegram-чата "Кобрын для жыцця", удзельнічала ў акцыях пратэсту і распаўсюджвала "нацысцкую сімволіку".
На "пакаяльным" відэа дзяўчына распавяла, што "ўдзельнічала ў мітынгах і распаўсюджвала нацысцкую сімволіку".
Вядомы глыбоцкі бодзібілдар Аляксандр Шарабайка пераведзены ў СІЗА-2 Віцебска
Паводле папярэдняй інфармацыі, яму інкрымінуюць абразу Лукашэнкі. Нагадаем, Аляксандра затрымалі 13 сакавіка, пазней яму прызначылі 10 сутак арышту. У мужчыны і ягонай жонкі Алены сілавікі забралі тэлефоны. Пасля выбараў Шарабайку некалькі разоў саджалі на суткі за ўдзел у пратэстах і за бел-чырвона-белы сцяг на доме. У ліпені 2021 яго затрымлівалі на трое сутак "па падазрэнні ў злачынстве".
Падтрымайце Аляксандра грашовымі пераводамі, пасылкамі, тэлеграмамі: СІЗА-2. 210026, Віцебск, Гагарына, 2, Шарабайка Аляксандр Міхайлавіч
У Гомелі сілавікі затрымалі "спячую ячэйку экстрэмістаў" у гаражным кааператыве
Мяркуючы па «пакаяльным» відэа, што былі апублікаваныя ў праўладных тэлеграм-каналах, былі затрыманыя чатыры чалавекі — іх называюць "спячай ячэйкай экстрэмістаў", якія "мелі замежныя сувязі" з беларускімі добраахвотнікамі, якія ваююць ва Украіне.
Як піша "Наша Ніва", на відэа — 35-гадовы Дзмітрый Папкоў, 34-гадовы Ігар Чарнавусаў, 32-гадовы Канстанцін Гвоздзеў і 34-гадовы Уладзімір Каменнаў. Усе яны гамельчукі і старыя сябры.