31.03.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, рэпрэсіі У Мінскім гарадскім судзе 31 сакавіка паводле ч. 2 арт. 361-2 Крымінальнага кодэкса (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці) пачалі судзіць IT-спецыяліста Руслана Завадзіча. Па інфармацыі праваабаронцаў, яму інкрымінуюць два данаты ў By_Help у жніўні 2020 года на агульную суму каля 50 даляраў, а таксама данат Валеру Цапкалу на суму каля 25 даляраў у 2021 годзе. Справу разглядае суддзя Жанна Брысіна.
Як стала вядома праваабаронцам "Вясны", Руслана затрымалі прыкладна напрыканцы кастрычніка 2022 года. Спачатку некаторы час яго ўтрымлівалі на Акрэсціна, а потым перавялі ў СІЗА-1 на Валадарскага. Цяпер яго абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 361-2 (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці). Паводле ягоных знаёмых, крымінальную справу супраць яго ўзбудзілі за два данаты ў By_Help на агульную суму ў 50 даляраў у жніўні 2020-га, а таксама перавод каля 25 даляраў у 2021 годзе Валерыю Цапкалу. Па матэрыялах справы, данаты Руслан рабіў праз беларускую біржу ў біткоінах. Але на момант пераводаў ні By_Help, ні Цапкала, не былі прызнаныя "экстрэмісцкімі фармаваннямі", а здарылася гэта значна пазней.
Згодна з профілем Linkedin, Руслан апошнія 6 гадоў працуе ў кампаніі Netcracker. Раней ён нейкі час быў валанцёрам "Аховы Птушак Бацькаўшчыны". Таксама вядома, што Руслан — заснавальнік клуба астраноміі и фатограф.
Падтрымайце Руслана: СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2, Руслан Генадзьевіч Завадзіч
Крыніца: За тры данаты ў Мінску пачалі судзіць айцішніка за "фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці"