29.03.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, экстрэмізм Гомельскі абласны суд 28 сакавіка вынес прысуд па крымінальнай справе 61-гадовага барда і музыканта Аляксея Ільінчыка. Доўгі час было невядома – у чым канкрэтна абвінавачваюць гамяльчука. Канчаткова яму прад’яўленыя абвінавачанні ў паклёпе на Аляксандра Лукашэнку (ч.2 арт. 367), абразе прэзідэнта (ч.1 арт. 368) і распальванні іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы (ч. 1 арт 130 Крымінальнага кодэкса).
Справу разглядаў суддзя Аляксей Хлышчанкоў.
Пра затрыманне Ільінчыка стала вядома 18 жніўня 2022 года пасля таго, як праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі, што Аляксея затрымалі з-за “творчай дзейнасці ў Інтэрнеце”.
Яго змясцілі ў СІЗА, аднак з-за перанесенага перад гэтым інсульту Аляксею прыйшлося правесці ў бальніцы некалькі месяцаў, паколькі рэабілітацыя пасля хваробы была праблемнай, і правы бок цела быў паралізаваны. Як паведамляла «Гомельская Вясна», Аляксей доўгі час утрымліваўся ў санчастцы, дзе для яго не прымалі медпрэпараты. Адміністрацыя СІЗА тлумачыла гэта тым, што, нібыта, усе неабходныя прэпараты для яго лячэння ёсць і дапамога яму аказваецца.
У Гомелі судзяць барда, арганізатара фестывалей і канцэртаў Аляксея Ільінчыка
Як паведамляе “Гомельская вясна”, дзяржаўны абвінаваўца запрасіў для Ільінчыка тры гады пазбаўлення волі. Суд прыгаварыў барда да двух з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Крыніца: У Гомелі вынесены прысуд барду і музыканту Аляксею Ільінчыку