Выбары дэпутатаў у мясцовыя Саветы дэпутатаў у цэлым не адпавядалі шэрагу ключавых міжнародных стандартаў правядзення дэмакратычных і свабодных выбараў. Такую выснову робяць каардынатары кампаніі назірання “Праваабаронцы за свабодныя выбары”.
19 лютага праваабаронцы на прэс-канферэнцыі падвялі вынікі кампаніі незалежнага назірання за выбарамі ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 28-га склікання.
Адзін з каардынатарў кампаніі, прадстаўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Уладзімір Лабковіч спыніўся на асноўных этапах выбарчага працэсу, адзначыўшы , што нягледзячы на фактычную адсутнасць істотных парушэнняў і перашкодаў на этапах рэгістрацыі ініцыятыўных груп, збору подпісаў і правядзення перадвыбарчай агітацыі, іншыя этапы выбарчай кампаніі, найперш этап датэрміновага галасавання, механізм падліку галасоў участковымі камісіямі, суправаджаліся шматлікімі маніпуляцыямі, актыўным выкарыстаннем адміністрацыйнага рэсурсу і былі пазбаўленыя плюралізму.
Каардынатар кампаніі ад Беларускага Хельсінскага камітэта Алег Гулак падрабязна спыніўся на аналізе этапа вылучэння ў кандыдаты рознымі шляхамі, адзначыўшы, што выбарчыя камісіі прымянялі для партыйных вылучэнцаў адміністратыўныя рагаткі ў выглядзе знаходжання памылак у дэкларацыях з далейшай іх нерэгістрацыяй. Для прадстаўнікоў ад грамадскіх арганізацый найчасцей вышукваліся памылкі ў падпісных лістах і нібыта несапраўдныя подпісы. Найбольш ад такой практыкі пацярпелі вылучэнцы Руху “За свабоду”: нерэгістрацыя іх вылучэнцаў склала 41,4%. Падобная сітуацыя і з кампаніяй “Гавары праўду”, дзе доля незарэгістраваных складае 39,1%.
Працэдура праверкі подпісаў, пададзеных за вылучэнне ў кандыдаты, была непразрыстай. Назіральнікам кампаніі ў 85% было адмоўлена ў праве прысутнічаць пры праверцы подпісаў, што адзначана ў выніковай справаздачы па маніторынгу выбараў назіральнікаў.
Алег Гулак таксама адзначыў, што ў параўнанні з 2014 годам заўважна ўзрасла актыўнасць ініцыятыўных груп пад час этапу агітацыі, хаця, пры гэтым, яна тым не меней, была амаль незаўважнай у грамадстве. Адзначана, што вырасла доля кандыдатаў, якія стварылі свае выбарчыя фонды. Калі ў 2014 годзе доля такіх кандыдатаў складала 3,8%, то ў 2018 годзе вырасла да 10 адсоткаў.
Катастрафічная сітуацыя, па ацэнках назіральнікаў, склалася з падлікам галасоў і датэрміновым галасаваннем, якое набыло масавы характар. Назіральнікі адзначылі масавыя выпадкі фальсіфікацый пры галасаванні па месцы знаходжання выбаршчыка, зафіксавана шмат выпадкаў, калі да выбаршчыкаў на дом прыходзілі без іх выкліку і жадання. “Сустракаліся выбарчыя акругі, дзе прайшла нібыта эпідэмія яшчура, паколькі на даму прагаласавала болей, чым у асноўны дзень галасавання на ўчастку”, - заяўляюць каардынатары кампаніі.
Непасрэдна ў дзень галасавання фіксаваліся выпадкі часта безпадстаўнага выдалення з выбарчых участкаў назіральнікаў ад дэмакратычных грамадскіх арганізацый і партый, а таксама назіральнікаў кампаніі.
Выклікае непакой назіральнікаў і выкарыстанне новай для Беларусі сістэмы фальсіфікацыі – шматразовае галасаванне пэўных груп людзей на розных участках.
Зыходзячы з гэтага, выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатў 2018 года можна назваць адной з найгоршых і крайне брудных кампаній за ўвесь час незалежнага назірання за выбарамі.
"Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары” канстатуе, - падвёў рысу каардынатар Уладзімір Лабковіч, - што выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 28 склікання не адпавядалі ніякім міжнародным стандартам і не могуць з’яўляцца свабоднымі, дэмакратычнымі і празрыстымі. Таксама канстатуем далейшую дэградацыю выбарчай сістэмы Рэспублікі Беларусь. Мы з сумам адзначаем нежаданне ўладаў імплементаваць у выбарчае заканадаўства рэкамендацыі як нацыянальных, так і міжнародных назіральнікаў, у першую чаргу БДІПЧ АБСЕ. Пры той сітуацыі, якая склалася ў Беларусі з выбарамі, наступныя выбарчыя кампаніі, якія адбудуцца даволі хутка ў нацыянальных масштабах - парламенцкія і прэзідэнцкія – праводзіць проста немагчыма. Наша выбарчая сістэма патрабуе неадкладнай рэанімацыі, таму што яна стала заганнай ва ўсёй сваёй сутнасці”.
Крыніца: “Выбарчая сістэма Беларусі патрабуе неадкладнай рэанімацыі” – канстатуюць незалежныя назіральнікі