29.03.2023 Тэгі: ААН, заканадаўства, смяротнае пакаранне Спецыяльны дакладчык па пытанні аб стане ў галіне правоў чалавека ў Беларусі і Спецыяльны дакладчык па пытанні аб пазасудовых пакараннях, пакараннях без належнага судовага разбору ці адвольных пакараннях у рамках спецыяльных працэдур АНН звярнуліся да ўладаў Беларусі ў сувязі з папраўкамі ў Крымінальны кодэкс, якія пашыраюць прымяненне смяротнага пакарання ў Беларусі. Такое паведамленне было размешчана на Сайце Упраўлення ААН па правах чалавека.
"Просім растлумачыць, як абноўлены Крымінальны кодэкс, асабліва ў частцы, якая тычыцца смяротнага пакарання за злачынствы дзяржаўнай здрады, будзе сумяшчальны з міжнароднымі абавязацельствамі Беларусі ў галіне правоў чалавека, асабліва ў дачыненні да абароны права на жыццё, заяўленага ў Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах", — напісалі спецдакладчыкі ў сваім звароце да Беларусі.
Спецдакладчыкі заклікалі Беларусь прыпыніць набыццё моцы перагледжанага Крымінальнага кодэкса.
Акрамя таго, спецдакладчыкі паўтарылі заклік разглядзець пытанне аб устанаўленні афіцыйнага мараторыя на ўсе пакаранні як першы крок да поўнай адмены смяротнага пакарання ў краіне.
Паведамленне на Сайце Упраўлення ААН па правах чалавека да Беларусі з'явілася 22 сакавіка. Тым не менш, 25 сакавіка 2023 года ўвайшлі ў сілу папраўкі ў Крымінальны кодэкс Беларусі, якія прадугледжваюць пашырэнне прымянення смяротнага пакарання ў дачыненні да дзяржаўных службовых асобаў і вайскоўцаў, асуджаных за дзяржаўную здраду.
Права на жыццё парушана. 25 сакавіка набываюць моц папраўкі, якія пашыраюць прымяненне смяротнага пакарання
Крыніца: "Абарона права на жыццё". Спецдакладчыкі ААН звярнуліся да ўладаў Беларусі