Андруся Козела сёння будуць судзіць у судзе Цэнтральнага раёна г. Мінска за непадпарадкаванне міліцыі, паведамляе БАЖ. Ноч ён правёў у ЦІП на Акрэсціна.
Да абеда было невядома, дзе ж знаходзіцца журналіст. Па стане на 12-40 Андруся Козела так і не прывезлі ў будынак суда. Разам з тым у ізалятары часовага ўтрымання па вуліцы Акрэсціна заявілі, што а 10 раніцы яго павезлі ў суд. Але калегі, якія чакалі побач з будынкам суда, дзе і мусіў адбыцца працэс, так і не ўбачылі Андруся.
На сайце ГУУС Мінгарвыканкама агучаная версія міліцыянтаў — як разгортваліся падзеі вечарам 18 лютага ў асноўны дзень галсавання на выбарчых участках.
«Увечары 18 лютага на выбарчым участку № 27 па вуліцы В. Харужай быў затрыманы і дастаўлены для далейшага разгляду ў Цэнтральнае РУУС г. Мінска назіральнік А. Козел. Падставай для затрымання паслужылі задзірлівыя дзеянні назіральніка і яго адмова выканаць законныя патрабаванні старшыні выбарчай камісіі па спыненні відэаздымкі падчас падліку вынікаў галасавання.
Права на вядзенне відэаздымкі грамадзянін патлумачыў прыналежнасцю да аднаго з замежных СМІ, якія не маюць акрэдытацыі ў Рэспубліцы Беларусь. З мэтай спынення супрацьпраўных дзеянняў старшыня камісіі звярнуўся да супрацоўніка міліцыі, якая ажыццяўляла нясенне службы на выбарчым участку. Прадстаўніком праваахоўных органаў былі дадзены выразныя тлумачэнні грамадзяніну аб парушэнні парадку, якое мела месца, прапанавана спыніць відэаздымкі і выканаць законныя патрабаванні старшыні выбарчай камісіі.
А. Козел дадзены зварот праігнараваў, аказаў актыўнае непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі, схапіў супрацоўніка за форменнае абмундзіраванне. Для спынення супрацьпраўных дзеянняў у дачыненні да назіральніка была ўжытая фізічная сіла. Падчас выдварэння А. Козел нагой пашкодзіў шыбу дзвярэй выбарчага ўчастка.
Грамадзянін дастаўлены ў цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў ГУУС Мінгарвыканкама, яго дзеянням будзе дадзена прававая ацэнка».
Нагадаем, учора ў Беларусі адбываліся выбары ў мясцовыя саветы дэпутатаў. Міліцыянты збілі Андруся Козела падчас затрымання, яго галавой разбілі шкляныя дзверы на выбарчым участку, таму ўся галава была ў крыві.
Журналіст вёў стрым з выбарчага ўчастка.