27.03.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед У Мінскім гарадскім судзе з 6 сакавіка ідзе суд па гучнай крымінальнай справе, у тым ліку за спробу падпалу дома Алега Гайдукевіча ў чэрвені 2021 года. Па справе праходзіць 18 абвінавачаных, з якіх 15 чалавек знаходзяцца пад вартай. 27 сакавіка на судзе ў якасці сведкі — чамусьці не пацярпелым — выступіў галоўны фігурант справы — дэпутат Алег Гайдукевіч.
Нагадаем, у чэрвені 2021 года Гайдукевіч заявіў быццам яго дом хацелі падпаліць — кінулі тры бутэлькі з запальнай сумессю. Пацярпеў тады толькі кот дэпутата. 27 сакавіка яго дапрасілі на судзе ў якасці сведкі.
Як піша "БЕЛТА", Алег Гайдукевіч на працэсе нагадаў, што ў перыяд электаральнай кампаніі 2020 года ён вылучаўся кандыдатам на пасаду прэзідэнта.
"Аднак у пачатку выбарчай кампаніі з улікам таго палітычнага становішча ў краіне, разумення таго, што ёсць жаданне Захаду разгайдаць сітуацыю, знішчыць дзяржаўнасць, прыняў рашэнне аб зняцці сваёй кандыдатуры з прэзідэнцкай кампаніі і падтрымцы дзеючага кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі, у наступным стаўшы яго даверанай асобай".
Гайдукевіч на судзе заявіў, што з моманту пачатку выбарчай кампаніі яму пастаянна паступалі пагрозы. Яны працягваюцца і цяпер, паводле яго, але ўжо з-за мяжу, у тым ліку Польшчы:
"Што мяне ўразіла, яшчэ выбары не пачаліся, толькі абвясцілі пачатак выбараў, ужо пачалі паступаць пагрозы практычна ва ўсе мэсэнджары. Больш за ўсё пагроз паступала ў перыяд са жніўня 2020 года па студзень 2021 года. Я да гэтага ставіўся спакойна, ніколі не баяўся".
Па словах дэпутата, у тэлеграм-каналах публікаваліся яго асабістая інфармацыя, а таксама персанальныя дадзеныя яго сваякоў. Алег Гайдукевіч заявіў, што больш за ўсё яго абурыла публікацыя дадзеных аб яго непаўналетняй дачцэ, якой на той момант было восем гадоў:
"Мяне гэта сапраўды абурыла. Наколькі нізка трэба пашча, каб гнабіць дзяцей, якія ходзяць у школу".
Ён падкрэсліў, што ў сувязі з такімі публікацыямі колькасць пагроз узрасла шматкроць, у тым ліку пагражалі забіць, спаліць:
"Чаго там толькі не пісалі".
На ўдакладняючае пытанне суддзі, у сувязі з чым друкавалася такая інфармацыя, дэпутат адказаў:
"Было напісана: У сувязі з маёй палітычнай пазіцыяй, у сувязі з тым, што я падтрымаў прэзідэнта краіны".
Нагадаем, Мінскі гарадскі суд 6 сакавіка пачаў судовы разгляд па гучнай крымінальнай справе, у тым ліку за спробу падпалу дома Алега Гайдукевіча ў чэрвені 2021 года. Па справе праходзіць 18 абвінавачаных, з якіх 15 чалавек знаходзяцца пад вартай. Сярод іх — сям'я Вайцяховічаў з чатырох чалавек, Вольга Петух, Сяргей Лісоўскі. Таксама завочна судзяць экс-рэстаратара Вадзіма Пракоп'ева і двух былых сілавікоў. Справу паводле 14 артыкулаў Крымінальнага кодэкса ў адкрытым рэжыме разглядае Сяргей Хрыпач. У якасці абвінавачаных па крымінальнай справе праходзяць 18 чалавек: Вадзім Пракоп'еў, Дзяніс Хаміцэвіч, Ігар Чамякін, Віталь Вайцяховіч, Анастасія Вайцяховіч, Уладзіслаў Вайцяховіч, Вольга Вайцяховіч, Сяргей Лісоўскі, Аляксей Міхайлаў, Дзмітрый Невяркевіч, Эдуард Пястрак, Вольга Петух, Мікалай Рой, Уладзімір Савянкоў, Сяргей Сакалоў, Дзяніс Філончык, Павел Чыхінскі і Пётр Юркевіч. Дзяржаўнае абвінавачванне падтрымліваюць два пракуроры, адзін з якіх — Максім Чупрыс.
"Захоп дзяржаўнай улады павінен быў адбыцца на фоне дэстабілізацыі грамадскага парадку": суд па справе аб тэрарызме, па якой праходзіць 18 чалавек
18 чалавек праз два тыдні пачнуць судзіць за спробу падпалу дома Гайдукевіча