27.03.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед У судзе Ленінскага раёна Мінска 13 сакавіка паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) асудзілі дырэктара ЗАТ "Авангард Лізінг" Антона Андрэнку. Суддзя Марына Клімчук прызначыла яму два з паловай гады "хатняй хіміі". Да гэтага бізнэсоўца ўтрымлівалі тры месяцы на Акрэсціна за "рэпосты экстрэмісцкіх матэрыялаў", а потым перавялі на Валадарку па крымінальным артыкуле.
Як стала вядома праваабаронцам "Вясны", восенню 2022 года па "даносе неабыякавых грамадзян" адбыўся налёт сілавікоў на кампанію "Авангард Лізінг", у выніку якога па адміністрацыйных артыкулах арыштавалі 13 чалавек, у тым ліку дырэктара арганізацыі і яго памочніка. 11 чалавек выпусцілі пасля першых "сутак", а Антона Андрэнку і яго памочніка Аляксея судзілі яшчэ некалькі разоў. Як распавялі праваабаронцам іх былыя сукамернікі, судзілі іх за "рэпосты экстрэмісцкіх матэрыялаў" паводле арт. 19.11 КаАП. Паводле папярэдняй інфармацыі, іх судзілі шэсць разоў агулам на 90 сутак.
"Іх трымалі на Акрэсціна ў пякельных умовах", — кажа адзін з сукамернікаў.
Пакуль Антона Андрэнку ўтрымлівалі на Акрэсціна, супрацоўнікі знайшлі ў яго сямейна фота з аднаго з Маршаў у 2020-м годзе. За гэта супраць яго ўзбудзілі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Дырэктара кампаніі "Авангард Лізінг" змясцілі пад варту ў СІЗА-1, дзе ўтрымлівалі некалькі месяцаў да суда.
13 сакавіка ў судзе Ленінскага раёна Мінск Антона Андрэнку асудзілі да двух гадоў і шасці месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Справу разглядала суддзя Марына Клімчук. Бізнэсоўца вызвалілі ў зале суда.
Крыніца: Дырэктара буйной кампаніі асудзілі на 2,5 гады "хатняй хіміі" па сямейнаму фота з Маршу