24.03.2023 Тэгі: заканадаўства, смяротнае пакаранне 25 сакавіка 2023 года набываюць моц змены ў Крымінальны кодэкс Беларусі, якія прадугледжваюць пашырэнне прымянення смяротнага пакарання ў адносінах да дзяржаўных службовых асоб і вайсковаслужбоўцаў, асуджаных за дзяржаўную здраду.
Як усё адбывалася
Нагадаем, 21 лютага 2023 года Палата прадстаўнікоў прыняла ў першым чытанні законапраэкт “Аб змяненні кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці”. Так, прапанавалася ўнесці змены, у тым ліку, у артыкул 356 Крымінальнага кодэкса Беларусі (“Здрада дзяржаве”). А 22 лютага 2023 году папраўкі ўхвалены Саветам Рэспублікі і 9 сакавіка 2023 года падпісаны прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь (Закон Рэспублікі Беларусь ад 9 сакавіка 2023 г. № 256-3). Афіцыйна апублікаваны Закон 14 сакавіка 2023 года і, адпаведна, набывае моц праз 10 дзён пасля афіцыйнага апублікавання — 25 сакавіка 2023 года.
Што тут не так?
Юрысты “Вясны” падалі заяву ў межах спецыяльных працэдур ААН: яны звярнуліся да Спецыяльнага дакладчыка па пытанні аб стане ў галіне правоў чалавека ў Беларусі і Спецыяльнаму дакладчыку па пытанні аб пазасудовых пакараннях, пакараннях без належнага судовага разбору альбо адвольных пакараннях.
У заяве юрысты “Вясны” звярнулі ўвагу, што пашырэнне прымянення смяротнага пакарання за здзяйсненне злачынстваў, якія не падпадаюць пад катэгорыю “асабліва цяжкіх злачынстваў”, супярэчыць міжнароднаму праву.
Артыкул 6 (2) МПГПП прадугледжвае, што ў краінах, якія не адмянілі смяротнае пакаранне, апошняе можа быць прызначана толькі за найцяжэйшыя злачынствы, і толькі ў выключных выпадках. Смяротнае пакаранне можа быць прызначана толькі за злачынствы, якія выклікалі смерць чалавека. А прапанаваныя змяненні ў Крымінальны кодэкс, якія прадугледжваюць прымяненне смяротнага пакарання ў дачыненні да дзяржаўных службовых асоб і вайсковаслужбоўцаў, асуджаных за дзяржаўную здраду (ч. 2 арт. 356 КК Беларусі), не падпадаюць пад катэгорыю “асабліва цяжкіх злачынстваў”.
Больш за тое, смяротнае пакаранне распаўсюджваецца толькі на вызначаную групу людзей: службовыя асобы і вайсковаслужбоўцы.
Права на жыццё будзе парушана. Права на жыццё і забарону на адвольнае пазбаўленне жыцця замацаваны ў шматлікіх міжнародных дакументах па правах чалавека, у тым ліку ў артыкуле 6 (1) Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах:
“Права на жыццё ёсць неад’емнае права кожнага чалавека. Гэта права абараняецца законам. Ніхто не можа быць адвольна пазбаўлены жыцця”.
Юрысты “Вясны” нагадваюць, што за апошнія два гады гэта ўжо другая папраўка, якая прадугледжвае пашырэнне прымянення смяротнага пакарання. Папярэдняя была ў траўні 2022 года за “замах” на злачынства, звязаныя з “тэрарызмам”.
“За адмену смяротнага пакарання ва ўсім свеце”
Акрамя таго, праваабаронцы і шматлікія дэмакратычныя краіны выступаюць за адмену смяротнага пакарання ў краінах, дзе яно маецца, альбо за ўвядзенне мараторыя. Беларусь — апошняя краіна ў Еўропе, дзе прымяняецца такі від пакарання, і больш за тое, ён пашыраецца.
За дзень да набыцця праўкамі моцы, 24 сакавіка, амбасада Германіі ў Мінску апублікавала:
“Смяротнае пакаранне — бесчалавечная і асабліва жорсткая форма пакарання. Германія не прымае яе пры любых абставінах. Разам з партнёрамі Германія выступае за адмену смяротнага пакарання ва ўсім свеце”.
Амбасада Германіі ў Мінску нагадала, што ў лістападзе 2022 года Германія прымала Сусветны кангрэс супраць смяротнага пакарання. Міністр замежных спраў Аналена Бербак у сваёй прамове на адкрыцці кангрэсу 15 лістапада 2022 года заявіла:
“Хацела б сказаць з усёй выразнасцю і думаю, мы ўсе падзяляем гэта меркаванне: адказам на цяжкім злачынствы безумоўна павінна стаць суворае пакаранне. Але якім бы цяжкім ні было злачынства, якім бы вострым ні быў боль, мы не маем права адказваць падобным на падобнае. Мы не маем права пазбаўляць жыцця ў пакаранне за пазбаўленае жыццё.
Гэта супярэчыць нашай глыбокай веры ў годнасць чалавечага жыцця. […] Прыведзенае ў выкананне смяротнае пакаранне незваротна, а ўсе юрыдычныя сістэмы могуць памыліцца. Жыццё, несправядліва адабранае, страта назаўсёды”.
Азнаёміцца з поўным тэкстам прамовы міністра замежных спраў Бербак, у якой згадвалася і Беларусь, можна тут.
Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, асноўнай мэтай унясення зменаў з’яўляецца ўзмацненне процідзеяння злачынствам экстрэмісцкай і антыдзяржаўнай скіраванасці.
“Меркаваныя папраўкі могуць падвысіць рызыку таго, што смяротнае пакаранне будзе вынесена адвольным, незаконным і дыскрымінацыйным чынам”, — адзначаюць юрысты “Вясны”.