24.03.2023 Тэгі: адміністратыўны пераслед, адвакатура У судзе Ленінскага раёна Мінска 24 сакавіка разглядалася адміністрацыйная справа адвакаткі Інэсы Аленскай. Яе абвінавацілі ў распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў паводле ч.1 арт 19.11 КаАП. Справу разглядала суддзя Юлія Шут. Вынікі суда пакуль невядомыя.
Аднак дзень таму праўладныя тэлеканалы размясцілі відэжасюжэт, у якім паведамілі, што “раней яна размяшчала ў чаціках б-ч-б сцягі, песні і нават свой туалет, а яшчэ яна вельмі цікава адклікаецца пра чыноўнікаў і дзяржслужачых.”
У той жа час стала вядома, што адвакатку Аленскую і яшчэ трох абаронцаў пазбавілі ліцэнзіі.
Па выніках атэстацыі кваліфікацыйная камісія Мінюсту 22 сакавіка вырашыла, што адвакаты Інэса Аленская і Дзяніс Шарстнёў не могуць выконваць абавязкі абаронцаў «з прычыны недастатковай кваліфікацыі». Акрамя таго, такое рашэнне прынятае ў дачыненні да адваката Кавалевіча.
Інэса Аленская абараняла ў судах Сяргея Ціханоўскага, Рамана Пратасевіча, Насты Лойкі, Рыгора Кастусёва.
Сілавікі зладзілі 20 сакавікав аблаву на адвакатаў. Былі затрыманыя мінімум шэсць чалавек. Сярод іх – Арцём Сям’янаў і Юрый Козікаў.
Пад «зачыстку» таксама трапілі адвакаты Уладзімір Сташкевіч і Іван Чыжык. Дзе яны зараз – пакуль невядома. Акрамя таго, 20 сакавіка былі затрыманыя і яшчэ некалькі адвакатаў, але пазней іх адпусцілі на волю.
Крыніца: Адвакатку Інэсу Аленскую пазбавілі ліцэнзіі і судзілі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў