24.03.2023 Тэгі: заявы Сумесная заява праваабарончых арганізацый Беларусі
24 сакавіка 2023 г.
У сувязі з інфармацыяй аб прад'яўленні абвінавачванняў, заключэнні пад варту і вынясенні прысудаў па ч. 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса ("Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак") у дачыненні да Максіма Сташулёнка, Ірыны Савашынскай, Канстанціна Зарэмбы, Альберта Гарбуза, Максіма Сенніка, Вольгі Гладкай, Уладзіслава Шукана, Дзмітрыя Юртаева, накіраванні для адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі па ч. 1 арт. 342 КК ў папраўчую установу Мікіты Нядзелькі, Наталлі Сялях, Максіма Палітава, Аляксандра Несцярэнкі яшчэ раз пацвярджаючы пазіцыю, выкладзеную ў сумеснай заяве праваабарончай супольнасці ад 10 жніўня 2020 года, адзначаем наступнае:
Свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Дадзеная свабода не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, што ўстаноўленыя законам і неабходныя ў дэмакратычных краінах у мэтах нацыянальнай і грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабод іншых асоб.
Выступы грамадзянаў насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 9 жніўня 2020 года і праходзілі са шматлікімі парушэннямі і фальсіфікацыямі, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя.
Сходы грамадзянаў насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы. Нягледзячы на гэта, дэманстранты былі атакаваныя спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыйным прымяненнем фізычнай сілы, спецсродкаў і зброі.
Упершыню ў гісторыі Беларусі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў былі ўжытыя гумавыя кулі і вадамёты. Асабліва вялікая колькасць пашкоджанняў была атрыманая ад выкарыстання шумавых гранат.
У сваёй заяве ад 10 жніўня 2020 года беларуская праваабарончая супольнасць асудзіла дзеянні праваахоўных органаў і ўсклала ўсю адказнасць за тое, што адбылося 9 і 10 жніўня, на ўлады Рэспублікі Беларусь.
Мы ацэньваем пераслед вышэй названых асоб, якія былі пазбаўленыя волі і абвінавачаныя ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання адносна абвешчаных вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і прызнаем іх палітычнымі зняволенымі.
У гэтай сувязі мы патрабуем ад уладаў Беларусі:
- Неадкладна вызваліць з-пад варты Максіма Сташулёнка, Ірыну Савашынскую, Канстанціна Зарэмбу, Альберта Гарбуза, Максіма Сенніка, Вольгу Гладкую, Уладзіслава Шукана, Дзмітрыя Юртаева, Мікіту Нядзельку, Наталлю Сялях, Максіма Палітава, Аляксандра Несцярэнку і спыніць іх крымінальны пераслед.
- Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама грамадзян, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд, і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр "Вясна";
Прававая ініцыятыва;
Беларускі ПЭН;
Lawtrend;
Беларуская асацыяцыя журналістаў;
Офіс па правах людзей з інваліднасцю;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.
Крыніца: Заява праваабаронцаў Беларусі аб прызнанні 12 новых палітычных зняволеных