24.03.2023 Тэгі: пераслед, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 23-24 сакавіка збірае факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Палітзняволеную Аксану Зарэцкую шпіталізавалі з «Валадаркі»
Праваабаронцы атрымалі інфармацыю, што яшчэ 16 сакавіка з СІЗА-1 была шпіталізаваная сябра асноўнага складу Каардынацыйнай Рады Аксана Зарэцкая. Прычыны шпіталізацыі невядомы. Таксама праваабаронцы не маюць інфармацыю, дзе зараз Аксана і ў якім яна стане.
Зарэцкая — сябра асноўнага складу Каардынацыйнай Рады, трэнерка па этыкеце і бізнэс-камунікацыях, культуралагіня, магістарка педагогікі. 14 сакавіка ёй прысудзілі 1,5 года калоніі па «народным» арт. 342 КК.
У Бабруйску зноў затрымалі журналіста выдання «Коммерческий Курьер» Дзмітрыя Суслава
У чым яго абвінавачваюць — невядома, але верагодна, што заўтра адбудзецца суд па адміністрацыйнай справе, паведамляе @bajby.
У мінулым годзе Дзмітрыя ўжо затрымлівалі і арыштоўвалі на 15 сутак за рэпост у сацсетках.
У Віцебску масава звальняюць людзей, якія падпісваліся за вылучэнне Віктара Бабарыкі
Як паведамляе «Віцебская Вясна», паведамленні пра звольненых на гэтай падставе паступаюць ад работнікаў розных гарадскіх прадпрыемстваў. Абсалютна розныя і пасады, якія займалі ўжо звольненыя – ад прыбіральшчыцы да начальніка цэха. Ад людзей не хаваюць, што «паступіў загад разабрацца».
Апраўданняў пра тое, што ўлетку 2020 года Віктар Бабарыка абвясціў збор подпісаў за свае вылучэнне на цалкам законных падставах, ніхто не слухае.
Прысуд лідарам БКДП пакінулі без змяненняў
Пра гэта паведамляе "Салідарнасць".
Сёння, у Вярхоўным судзе РБ адбыўся разгляд апеляцыйнай скаргі ў дачыненні да кіраўніцтва Асацыяцыі прафсаюзаў "Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў" (БКДП) і прайшоў без удзелу абвінавачаных. Суд пакінуў прысуд без зменаў.
Нагадаем, што старшыні Аляксандру Ярашуку было прызначана 4 гады пазбаўлення волі, яго намесніку Сяргею Антусевічу - 2 гады, а бухгалтарцы Ірыне Бут-Гусаім - 1,5 гады пазбаўлення волі.
Інфармацыя дапаўняецца.
Крыніца: Звальненні за вылучэнне Бабарыкі, затырманні журналістаў: хроніка пераследу 23-24 сакавіка