24.03.2023 Тэгі: крымінальны пераслед, палітвязні, дыфамацыя, экстрэмізм У Мінскім гарадскім судзе 24 сакавіка пачынаецца разгляд крымінальнай справы палітзняволенага дырэктара газеты “Беларусы і рынак” Канстанціна Залатых.
Залатых абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 2 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы), ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі), арт. 369 (знявага прадстаўніка ўлады), ч. 2 арт. 426(перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў).
Справу вядзе суддзя Алена Шылько.
Канстанціна Залатых затрымалі яшчэ 18 траўня 2022 года пасля вобшуку ў рэдакцыі. Яму першапачаткова выставілі крымінальнае абвінавачанне па ч. 2 арт. 130 Крымінальнага кодэкса Беларусi (распальванне варожасці, спалучанае з гвалтам альбо здзейсненае службовай асобай).
Палітвязень адразу знаходзiўся ў жодзінскім СІЗА, на пачатку жніўня 2022 г. быў пераведзены ў СІЗА-1 на Валадарскага.
Па матэрыялах следства, Канстанцін Залатых, "з'яўляючыся дырэктарам ЗАТ "Медыярынак", ведаў аб унесеных у Закон Рэспублікі Беларусь "Аб сродках масавай інфармацыі" зменах, якія перашкаджалі двум грамадзянам Рэспублікі Польшча валодаць сумарна 28% акцый таварыства.
З гэтай мэтай у траўні 2021 – студзені 2022 года ён, у парушэнне заканадаўства, без правядзення агульнага сходу акцыянераў, аднаасобна ўнёс змены ў Статут ЗАТ аб выключэнні са складу заснавальнікаў вышэйзгаданых замежных грамадзян і зарэгістраваў яго ў Галоўным упраўленні юстыцыі Мінскага гарвыканкама. Затым разам з іншымі дакументамі прадставіў у Міністэрства інфармацыі, што стала падставай для працягу таварыствам сваёй дзейнасці, а ім адпаведна – захавання пасады дырэктара".
Апроч гэтага яму ставяцца ў віну некалькі эпізодаў з размяшчэннем абразлівых каментароў у адрас афіцыйных асоб і Аляксандра Лукашэнкі ў сацыяльных сетках.
Судовы працэс праходзіць пакуль што ў адкрытым рэжыме.
Крыніца: У Мінску пачынаецца суд над палітзняволеным дырэктарам газеты “Беларусы і рынак”