23.03.2023 Тэгі: палітвязні, ціск, катаванні, пенітэнцыярная сістэма, рэпрэсіі Праваабаронцам ПЦ "Вясна" стала вядома пра новыя выпадкі рэпрэсій і бесчалавечных адносінаў адміністрацыі калоніі да зняволеных.
У ПК-4 узмацніўся ціск на зняволеных: часта сталі праводзіцца ператрусы і допыты. Зняволеныя даўно не атрымліваюць лісты, аднак паведамляецца, што жанчын у калоніі выклікаюць на допыты праз лісты, у тым ліку і старыя, дзе асобы, якія вядуць допыт, спрабуюць даведацца, кім для зняволеных даводзяцца людзі, якія дасылаюць ім лісты. Зняволеныя ўвесь час сутыкаюцца з псіхалагічным ціскам з боку супрацоўнікаў калоніі.
Вядома мінімум пра двух супрацоўнікаў, якія ўвесь час ціснуць на зняволеных: Аляксей Зюзін і Яраслаў Ганчароў, абодва з'яўляюцца аператыўнікамі ПК-4. Супрацоўнікі ажыццяўляюць ціск на зняволеных, каб тыя падпісалі нейкі дакумент пра супрацоўніцтва з адміністрацыяй калоніі. Як кажа адна са зняволеных, "калі такі прэсінг будзе працягвацца, мы так доўга не вытрымаем". Узмацненне ціску адбылося пасля вызвалення дзяўчын па "справе студэнтаў". Кажуць, што супрацоўнікі сярод падстаў для ціску знаходзяць нават "няправільны позірк" ці расшпілены гузік на форме. Таксама дапытваюць зняволеных, па якіх прычынах іх родныя ездзяць за мяжу. Ціснуць на ўсіх "палітычных".
"Ламаюць вельмі моцна. Б'юць па самаму балючаму — па родных, блізкіх, сяброўках у ПК".
Пра Марыю Калеснікаву:
"Машу нават у туалет на працы водзяць пад суправаджэннем. Яна вельмі худая, гэта бачна нават у фуфайцы, але ўсміхаецца і не губляе пазітыўны настрой".
"Калі такі прэсінг будзе працягвацца, мы так доўга не вытрымаем", — кажа адна са зняволеных
Таксама стала вядома пра цяжкі стан Алены Яфрэменка. У лістападзе 2022 года яе судзілі па чатырох крымінальных "палітычных" артыкулах: за абразу Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады, актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і гвалце ў дачыненні да службовай асобы.
"Алена Яфрэменка ў вельмі цяжкім стане, ёй не аказваецца меддапамога, усё надзвычай дрэнна. Тэмпература пад 40, трызніць, праблемы з суставамі, пачаўся абсцэс, а яе нават у санчастку не прызначылі, зняволеныя самі яе туды аднеслі".
Падтрымайце Марыю і Алену: ПК № 4, 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3
Марыя Аляксандраўна Калеснікава, Алена Аляксандраўна Яфрэменка
За тое, што неабыякавыя беларускі. За што рэжым Лукашэнкі пераследуе жанчын
Сёння ў Беларусі налічваецца 155 палітзняволеных жанчын, якія ўтрымліваюцца ў месцах няволі.