22.03.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, адміністратыўны пераслед, грамадства, палітвязні, пераслед, рэпрэсіі, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 22 сакавіка збірае факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У пункце пропуску «Брэст — Цярэспаль» беларускія сілавікі выбарачна правяраюць тэлефоны ў тых, хто выязджае з Беларусі
Па інфармацыі, у тых, хто выязджае з Беларусі ў Польшчу на аўтобусах праз пункт пропуску «Брэст-Цярэспаль» учора выбарачна правяралі тэлефоны. Сілавікоў цікавілі спісы ўсталяваных і выдаленых праграм, гісторыя Youtube, перапіскі ў Telegram, фотагалерэя, кошык галерэі, лайкі, каментары, сторыс у Instagram, а таксама перапіскі ў іншых месэнджарах.
Для тых, хто ўязджае, таксама праводзіцца праверка тэлефона.
Паведамляецца пра зачыстку ў Мазыры — сілавікі праводзяць ператрусы і затрыманні
Паводле крыніц, ператрусы прайшлі ў некаторых людзей, якіх раней судзілі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэыялаў». У планах сілавікоў было наведаць не менш за 35 чалавек.
Перастаў выходзіць на сувязь са сваякамі муж палітзняволенай Крысціны Чаранковай Фёдар Чаранкоў. Ягоны бацька паведаміў, што Фёдара трымаюць у ІЧУ і склалі на яго адміністратыўны пратакол.
Палітзняволенага Мікалая Казлова змясцілі ў карцар
Пра гэта паведамляе Анатоль Лябедзька:
«Адразу пасля выхаду з каранціна лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Казлова кінулі ў карцэр. Там ён прабудзе да 26 сакавіка! Сталінская сістэма адрадзілася ў Беларусі. Але такіх як Мікола яна не ломіць, а толькі загартоўвае!».
Мікалай — беларускі палітык, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі. 6 жніўня 2021 года яго асудзілі на 3 месяца арышту за разгалошванне дадзеных следства па справе Каардынацыйнай рады.
27 ліпеня 2022 года яго зноў затрымалі разам з іншымі сябрамі АГП. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў «Маршы новай Беларусі» ў Мінску ў 2020 годзе (арт. 342 КК). 3 лістапада Мікалаю прысудзілі 2,5 гады калоніі. На судзе ён выступіў з моцным апошнім словам.
Жыхару Глыбокага прысудзілі штраф у 2590 рублёў за сцяг Украіны і герб «Пагоня»
Як стала вядома «Віцебскай Вясне», 3 сакавіка суддзя суда Глыбоцкага раёна Андрэй Тарасевіч разгледзеў адміністрацыйную справу мясцовага прадпрымальніка Юрыя Татарыновіча і прысудзіў яму штраф памерам 70 базавых велічыняў, што складае 2590 рублёў.
Мужчыну судзілі паводле ч. 1 арт. 24.23 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў). Быццам ён без атрымання адпаведнага дазволу Глыбоцкага райвыканкама правёў адзіночнае пікетаванне з мэтай публічнага выказвання сваіх грамадска-палітычных поглядаў. А выявілася гэта ў тым, што ён, размясціў сваё фота ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук», якое суправаджалася графічнай выявай двухкалора — сцяга Украіны і герба «Пагоня». Таксама на старонцы была публікацыя з выявай бел-чырвона-белага сцяга.
Падчас судовага пасяджэння Юрый Татарыновіч віну не прызнаў.
Сёння адбудзецца разгляд справы аб пераводзе палітзняволенага Мікіты Емяльянава на турэмны рэжым
Працэс у 16:50 у судзе Ваўкавыскага раёну пачне разглядаць суддзя Мікалай Сяргейка.
Нагадаем, актывіста анархічнага руху Мікіту Емяльянава год таму асудзілі на два гады калоніі па ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы), а канчаткова прызначылі па сукупнасці прысудаў з улікам раней неадбытага пакарання — тры з паловай гады калоніі ўзмоцненнага рэжыму.
Мінскі сябра БСДП Аляксей Гаравы пераведзены ў следчы ізалятар
Па якому артыкулу абвінавачваецца сацыял-дэмакрат — невядома. Аляксей Гаравы быў затрыманы ГУБАЗіКам 20 лютага на працы. Пасля ператрусу ў мінскай кватэры разам з жонкай быў дастаўлены ў міліцыю.
Пазней жонку адпусцілі да малога дзіцяці, а Аляксей быў змешчаны ў ізалятары на Акрэсціна і пазней асуджаны на 14 сутак за нібыта «непадпарадкаванне».
6 сакавіка родныя не дачакаліся вызвалення Аляксея. У Фрунзенскім РУУС ім паведамілі, што яго забраў ГУБАЗіК. На наступны дзень яго ізноў асудзілі на чарговыя 15 сутак адміністрацыйнага арышту і зноў за «непадпарадкаванне». Пазней на праўладным тэлеграм-канале з’явілася «пакаяльнае відэа», дзе Аляксей распавядае, што ён нібыта пакідаў свае каментары ў адрас сілавікоў.
Крыніца: Затрыманні, ціск на палітвязняў: хроніка пераследу 22 сакавіка