21.03.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед У судзе Савецкага раёна Мінска 17 лютага асудзілі Аляксея Камароўскага паводле арт. 364 (Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў), арт. 365 (Умяшальніцтва ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных спраў) Крымінальнага кодэкса. Суддзя Алена Жуковіч прызначыла Аляксею чатыры гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму і кампенсацыю маральнай шкоды міліцыянту памерам 3000 рублёў.
10 жніўня 2020 года падчас акцыі пратэстаў Аляксей ехаў у сваім аўтамабілі па Мінску ў раёне “Белай Вежы”. На скрыжаванні мужчына ўбачыў апамаўцаў, якія, шукаючы пратэстоўцаў, пачалі брутальна затрымліваць кіроўцаў машын: страляць і біць у машынах шкло. Аляксей, не чакаючы свайго затрымання, паехаў наперад, дзе якраз праязджалі супрацоўнікі ДАІ. Не заўважыўшы службовую машыну, Аляксей перашыхтаваўся ў яе рад. На момант здзяйснення манёўра машына ДАІ ўжо спынілася і мужчына паехаў далей па сваіх справах. У гэтым дзеянні суд убачыў ўмяшальніцтва ў дзейнасць супрацоўніка органа ўнутраных спраў (арт. 365 КК).
У той жа час і ў тым жа месцы знаходзіўся супрацоўнік ДАІ Масенза, які напрыканцы снежня 2022 года даў паказанні, быццам Аляксей хацеў тады яго збіць. За гэта мужчыну паставілі ў віну арт. 364 КК і ўзялі пад варту.
Акрамя гэтага, невядомыя размясцілі ў інтэрнэце відэаролік з “бягучым даішнікам”, якім апынуўся Масенза. Даішнік абвінаваціў Аляксея ў публікацыі гэтага відэа. Але сама суддзя падчас працэсу звяртала ўвагу, што ролік быў размешчаны іншай асобай. Масенза запатрабаваў грашовую кампенсацыю за “маральныя пакуты”, нанесеныя яму распаўсюдам відэа з тым, як ён бяжыць і каментарамі пад відэа.
Крыніца: Мужчыну абвінавацілі ў спробе збіць даішніка падчас пратэстаў і асудзілі на чатыры гады калоніі