21.03.2023 Тэгі: крымінальны пераслед, дыфамацыя, экстрэмізм Гомельскі абласны суд 21 сакавіка пачынае разгляд крымінальнай справы 61-гадовага барда і музыканта Аляксея Ільінчыка. Доўгі час было невядома – у чым канкрэтна абвінавачваюць гамяльчука. Канчаткова яму прад’яўленыя абвінавачанні ў паклёпе на Аляксандра Лукашэнку (ч.2 арт. 367), абразе прэзідэнта (ч.1 арт. 368) і распальванні іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы (ч. 1 арт 130 Крымінальнага кодэкса).
Справу разглядае суддзя Аляксей Хлышчанкоў.
Пра затрыманне Ільінчыка стала вядома 18 жніўня 2022 года пасля таго, як праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі, што Аляксея затрымалі з-за “творчай дзейнасці ў Інтэрнеце”.
Яго змясцілі ў СІЗА, аднак з-за перанесенага перад гэтым інсульту Аляксею прыйшлося правесці ў бальніцы некалькі месяцаў, паколькі рэабілітацыя пасля хваробы была праблемнай і правы бок цела быў паралізаваны. Як паведамляла «Гомельская Вясна», Аляксей доўгі час утрымліваўся ў санчастцы, дзе для яго не прымалі медпрэпараты. Адміністрацыя СІЗА тлумачыла гэта тым, што, нібыта, усе неабходныя прэпараты для яго лячэння ёсць і дапамога яму аказваецца.
Аляксей Ільінчык нарадзіўся ў Ташкенце, жыў доўгі час у Гомелі. Скончыў філфак РДГУ, вучыўся ў Літаратурным інстытуце імя Горкага ў Маскве. Вядом як бард, удзельнік і арганізатар музычных фестываляў і канцэртаў, аўтар некалькіх кніг.
Судовы працэс над ім праходзіць у закрытым рэжыме.
Крыніца: У Гомелі судзяць барда, арганізатара фестывалей і канцэртаў Аляксея Ільінчыка