20.03.2023 Тэгі: крымінальны пераслед, дыфамацыя, экстрэмізм Гомельскі абласны суд завяршыў у закрытым рэжыме 14 сакавіка разгляд крымінальнай справы Аляксандра Румко, абвінавачанага ў паклёпе на Аляксандра Лукашэнку (ч.2 арт. 367), рэабілітацыі нацызма (ч.1 арт. 130-1) і распальванні іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы (ч. 1 арт. 130).
Судовы працэс распачаўся 9 сакавіка, справу разглядаў суддзя Анатоль Сотнікаў.
Як паведамлялася напрыканцы кастрычніка 2022 года ў праўладным пабліку, 64-гадовы старшыня аднаго з гаражна-будаўнічых кааператываў Гомеля Аляксандр Румко распальваў варожасць у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі і «гераізаваў калабарацыяністаў». Усе свае каментары, у тым ліку і з паклёпам на Лукашэнку, гамяльчанін змяшчаў у сацыяльнай сетцы “Аднакласнікі”.
Суд прызнаў яго вінаватым у наўмысных дзеяннях, накіраваных на ўзбуджэнне нацыянальнай варожасці і варожасці па прыкмеце нацыянальнай прыналежнасці, паклёпе ў дачыненні да прэзідэнта, якая змяшчаецца ў інфармацыі, размешчанай у глабальнай камп'ютарнай сетцы Інтэрнэт, і шляхам частковага складання канчаткова Аляксандру Румко прызначыў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін тры гады шэсць месяцаў з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Мабільны тэлефон, які належыць абвінавачанаму, як сродак здзяйснення злачынства суд пастанавіў канфіскаваць.