17.03.2023 Тэгі: ААН, сілавыя структуры, свабода слова, свабода асацыяцыяў, свабода мірных сходаў, затрыманні, даклады Выйшаў даклад Вярхоўнага камісара Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па правах чалавека "Становішча ў вобласці правоў чалавека ў Беларусі на парозе прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і пасля іх". Даклад робіць вывад: ёсць дастатковыя падставы меркаваць, што ў Беларусі адбываліся і адбываюцца сістэматычныя, масавыя і грубыя парушэнні правоў чалавека, а некаторыя з парушэнняў могуць таксама прыраўноўвацца да злачынстваў супраць чалавечнасці. "Вясна" коратка прыводзіць яго змест.
Даклад прадстаўлены ў выкананне рэзалюцыі 49/26 Савета па правах чалавека і ў межах 52-й сесіі ААН, якая праходзіць цяпер у Жэневе (27 лютага – 31 сакавіка 2023 года). Даклад ахоплівае падзеі ў Беларусі з 1 траўня 2020 года на парозе прэзідэнцкіх выбараў 2020 года па 31 снежня 2022 года і заснаваны на дэтальным аналізе 207 гутарак з ахвярамі і сведкамі, прадстаўнікамі недзяржаўных арганізацый, журналістамі, адвакатамі і медыцынскімі працаўнікамі. У дакладзе наступныя тэмы:
- Неапраўданае і несуразмернае прымяненне сілы
- Катаванні і іншыя жорсткія, бесчалавечныя ці зневажальныя годнасць віды абыходжання і пакарання
- Адвольныя арышты і затрыманні
- Права на належную законную працэдуру і справядлівы судовы разбор
- Свабода слова, мірных сходаў і асацыяцый
- Сексуальны і гендарны гвалт
- Разлучэнне з дзецьмі і неправамернае ўмяшанне ў сямейнае жыццё
- Выгнанне
"Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі не менш за 100 000 чалавек укрыліся за мяжой. Людзі былі вымушаныя пакінуць краіну і не маглі бяспечна вярнуцца праз пагрозы адвольнага затрымання, жорсткага абыходжання, а таксама парушэнняў эканамічных, сацыяльных і культурных правоў. Такое перамяшчэнне непасрэдна звязанае з палітыкай і практыкай кіраўніцтва Беларусі, у тым ліку з масавым падаўленнем іншадумства і наўмысна створанай атмасферай варожасці, якая перашкаджае бяспечнаму вяртанню", — гаворыцца ў дакладзе пра выгнанне.
Даклад таксама згадвае Канстытуцыйныя папраўкі, унесеныя ў 2022 годзе, якія прадугледжваюць магчымасць спынення грамадзянства. А таксама закон, які дазваляе пазбавіць грамадзянства асобу, асуджаную за "ўдзел у экстрэмісцкай дзейнасці альбо прычыненне цяжкай шкоды інтарэсам Рэспублікі Беларусь".
"Публічныя заявы прэзідэнта і міністра ўнутраных спраў пацвярджаюць, што закон скіраваны супраць тых, хто «збег і прычыняе шкоду краіне»", — спасылаюцца на выказванні ўладаў дакладчыкі.
Таксама адзначаецца, што Канстытуцыя Беларусі захоўвае смяротнае пакаранне, значна пашыраючы сферу дзеяння Крымінальнага кодэкса.
"Цяпер смяротнае пакаранне можа быць вынесена за злачынствы, не звязаныя з наўмысным забойствам, у парушэнне мінімальных міжнародных стандартаў прымянення смяротнага пакарання, якія абмяжоўваюць яе найбольш цяжкімі злачынствамі, звязанымі з наўмысным забойствам".
Сярод вынікаў даклада прагучала і тое, што некаторыя з парушэнняў у Беларусі "могуць таксама прыраўноўвацца да злачынстваў супраць чалавечнасці".
З поўнай версіяй даклада і вынесенымі рэкамендацыямі вы можаце азнаёміцца ніжэй:
"Не менш за 100 000 чалавек укрыліся за мяжой". Выйшаў даклад УВКПЧ ААН пра сітуацыю ў Беларусі