17.03.2023 Тэгі: грамадства, палітвязні, гісторыі вязняў Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч У Беларусі сёння налічваецца ўжо амаль 1500 палітычных зняволеных. Але гэта далёка не поўная карціна тых, хто ў нашай краіне трапляе пад палітычны пераслед і рэпрэсіі. Праз запалоханасць і пагрозы беларусы менш паведамляюць і распавядаюць гісторыі пераследу. Паразмаўлялі з былымі палітвязнямі і праваабаронцай "Вясны" Наталляй Сацункевіч пра тое, што (не)дае статус палітвязня, ці варта апублічваць факты пераследу і на што гэта ўплывае.

"Наяўнасць палітвязняў у краіне паказчык сітуацыі з правамі чалавека"

Праваабаронца
Праваабаронца "Вясны" Наталля Сацункевіч каля будынка ААН у Жэневе

Праваабаронца "Вясны" Наталля Сацункевіч растлумачыла, чаму важна паведамляць пра затрыманні і апублічваць факты пераследу ў Беларусі:

"Наяўнасць палітвязняў у краіне — адна з характарыстыкаў дзеючай улады і паказычк сітуацыі з правамі чалавека. Лічба колькасці палітвязняў дапамагае нам адвакаваць на міжнародным узроўне сітуацыю з правамі чалавека і паказваць, што яна не стала лепшай, а толькі пагаршаецца. Таму гэта такі інструмент для праваабаронцаў, каб паляпшаць сітуацыю і намагацца вызвалення кожнага палітвязня.

Калі чалавек прызнаны праваабарончай супольнасцю палітвязнем, гэта значыць, што яго пераследуюць па палітычных матывах. Па міжнародным праве такога быць не павінна".

Палітычным зняволеным чалавека прызнае ўся беларуская праваабарончая супольнасць, а не толькі Праваабарончы цэнтр "Вясна", як многія памылкова думаюць. Гэта такія арганізацыі як Беларускі Хельсінкскі камітэт, Прававая ініцыятыва, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, Lawtrend, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі ПЭН, Офіс па правах людзей з інваліднасцю і іншыя. Пад кожнай заявай можна знайсці спіс падпісантаў. Праваабаронцы "Вясны" публікуюць сумесныя заявы праваабарончай супольнасці і вядуць спіс палітычных зняволеных. Праваабарончая супольнасць пры прызнанні чалавека палітычным зняволеным кіруецца Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”.

Наталля Сацункевіч адзначае, што, калі інфармацыя пра затрыманне чалавека стала вядома з адкрытых крыніц, то згода чалавека на прызнанне яго палітвязнем не трэба.

"Калі да нас звяртаюцца людзі і просяць не публічыць інфармацыю, то мы, канешне, паважаем рашэнне чалавека і яго сваякоў. Важна падкрэсліць, што такая інфармацыя — гэта агульна-грамадскі інтарэс, таму, калі нам стала вядома з адкрытага паста ў фэйсбуку, раскладу суда, праўладнага тэлеграм-канала, то наш праваабарончы абавязак — зафіксаваць інфармацыю і распаўсюдзіць".

"Публічнасць дапамагае спыніць катаванні ў большасці выпадкаў"

Праваабаронца "Вясны" адзначае, што важна апублічваць факты пераследу на вязня ў СІЗА ці ў калоніі.

"Там яны сутыкаюцца з нечалавечымі ўмовамі, катаваннямі, а таксама дадатковым ціскам з боку адміністрацыі. Такім чынам ствараецца дадатковае пакаранне для чалавека. У прынцыпе суд прызначае пакаранне ў выглядзе абмежавання або пазбаўлення волі — і гэта само па сабе ёсць пакаранне. Чалавека ж караюць дадаткова праз рэпрэсіі, невыносныя ўмовы, збіццё, катаванні фізічныя і псіхалагічныя. І, як кажуць, катаванні любяць цішыню, і лепш за ўсё катаванні і злачынствы робяцца, калі ніхто не бачыць, таму публічнасць дапамагае гэта спыняць у большасці выпадкаў".

"Тое, што чалавека прызналі палітвязнем, не робіць яго справу палітычнай, бо яна была такой яшчэ да гэтага"

Наталля параўновае прызнаннем чалавека палітвязнем з грамадскім кантролем:

"Гэта агулам падобна на механізм працы грамадскага кантролю: калі людзі кантралююць, што робяць улады. І гэта кантроль дапамагае рабіць, каб стандарты выконваліся, напрыклад.

Я заўсёды кажу пра лісты салідарнасці, нават калі ён не дойдзе да самога палітвязня, то яго атрымае і пабачыць адміністрацыя ўстановы, дзе ён знаходзіцца. І калі да чалавека ёсць міжнародная ўвага, і з ім штосьці здарыцца, то ўвага да гэтага будзе вялікая. Звычайна стаўленне да чалавека мяняецца.

Улады фактычна ведаюць, калі чалавек пераследуецца па палітычных матывах, нават калі ён яшчэ не прызнаны палітвязнем па нейкіх прычынах: ці не хапае інфармацыі, ці пра яго проста не ведаюць, ці яшчэ не адбыўся суд у некаторых выпадках. Таму пагоршыць становішча чалавека ў зняволенні статус палітвязня не можа, бо дзяржава і так ведае, што яго пераследуюць па палітычных матывах. Тое, што нарэшце кейс стаў публічным і чалавека прызналі палітвязнем, не робіць яго справу палітычнай, бо яна была такой яшчэ да гэтага.

Магу ўзгадаць прыклад Арцёма Анішчука, які сутыкаўся з катаваннямі і падчас затрымання, да і пасля суда, і пасля таго, як паехаў у калонію. Пасля таго, як яго прызналі палітвязнем, сітуацыя з рэпрэсіямі фактычна не змянілася, у сэнсе, што яны не сталі горшымі. Яшчэ да прызнання да яго ставіліся як да палітвязня.

Былыя паітвязні кажуць, што гэта вялікая падтрымка маральная, калі яны дазнаюцца, што пра яго памятаюць, што пра яго не забылі, што свет яго не лічыць звычыйным злачынцам, забойцам. І гэта важна".

"Гэта хаця б неяк рэабілітуе чалавека" 

Аляксандр Казакевіч

Музыка з Маладзечна Аляксандр Казакевіч два разы затрымліваўся ў 2022 годзе па крымінальных справах паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса (абраза прадстаўніка ўлады) і ў жодзінскай турме агулам правёў пяць месяцаў. Двойчы палітвязень адзначыў, што, на яго думку, прызнанне палітвязнем - гэта важна.

"Першы час увогуле не думаў аб прызнанні палітвязнем. Не да таго было... Ужо потым, з часам, калі доўга меў зносіны з палітычнымі вязнямі (па "справе Зельцэра"), пачаў задавацца пытаннем: "А ці з'яўляюся сам палітычным вязнем?". Даведаўся пра гэта, толькі калі першы раз выйшаў на волю.

Цяпер толькі ўжо думаю, што гэта важна. Асабіста для мяне гэта важна. Проста каб людзі не думалі, што як і іншыя "зэкі", я нешта скраў, ці пабіў кагосьці... Бо калі зараз некаторыя людзі даведваюцца аб тым, што "сядзеў", першапачаткова цябе ставяць у шэраг з крадунамі, забойцамі, наркаманамі і гэтак далей. А я ў жыцці ніколі нічога такога не рабіў".

Аляксандр дадае, што, на яго погляд, пераслед апублічваць варта.

"Гэта хаця б неяк рэабілітуе чалавека. А ўвогуле, шчыра кажучы, у турме амаль што ўсім усё роўна".

"Усё залежыць не ад статусу, а ад артыкула"

Адзін з палітвязняў па "справе Зэльцэра"(у мэтах бяспекі мы не называем яго імя) адзначае, што асабіста на яго статус палітвязня ніяк не паўплываў, а становішча чалавека ў турме вызначаецца крымінальным артыкулам, па якім яго змясцілі ў турму.

"Пра тое, што мяне прызналі палітвязнем, я даведаўся пасля 10 месяцаў зняволення. Нам тады сказалі, што нас аўтаматычна ўсіх прызналі палітвязнямі. Але гэты статус на мяне ніяк не паўплываў: умовы не палепшыліся і не пагоршыліся, стаўленне тое ж самае. Як былі катаванні - так яны і засталіся. Паслабленняў рэжыму таксама не было.

Уплывае на тваё становішча ў турме не статус палітвязня, а артыкул. Калі будзе ўказ прэсаваць, то значыць будуць прэсаваць. Калі такога ўказанні няма, то будзеш сядзець спакойна, як і іншыя зняволеныя".

Палітвязень адзначае, што праблема з лістамі і перадачамі, як была ва ўсіх фігурантаў па "справе Зэльцэра", так і засталася пасля прызнання палітвязнем.

"Паўтаруся, што ўсё залежыць не ад статусу, а ад артыкула. Калі ў цябе палітычны артыкул, то будуць рэпрэсіі і парушэнне тваіх правоў у турме.

Калі чалавек сядзіць паводле артыкула за абразу Лукашэнкі, то яны могуць заплюшчыць вочы, бо самі яго не далюбліваюць. Але калі ў цябе артыкул 361-1 (садзейнічанне экстрэмізму), напрыклад, якую яны цяпер любяць даваць, то тут ужо зусім іншае стаўленне. Часта па гэтым артыкуле заносяць у "спіс тэрарыстаў", таму грашовыя пераводы нельга, перадачы нельга, пасылкі нельга. Але гэта не залежыць ад статусу палітвязня. Ты можаш быць яшчэ непрызнаным, але калі ў цябе ёсць такі артыкул, то значыць аўтаматычна ўсё перакрываецца".

"Калі пра гэта не казаць, то яны проста будуць забіваць у турмах..." 

Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч
Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч

Пры гэтым, палітвязень настойвае, што апублічваць факты рэпрэсій трэба.

"Супрацоўнікі вельмі баяцца лістоў у дачыненні да іх і калі на іх пішуць скаргі. Яны робяць усё, каб "замяць" гэтыя скаргі. Супрацоўнікі, напэўна, баяцца за сваё месца, таму грызуць адзін аднаго. У гэтай сістэме кожны змагаецца за сваё месца. Яны нават баяцца, калі зняволены піша заяву начальніку турмы або калоніі прыняць яго па асабістым пытанні. Тады пяць-шэсць супрацоўнікаў прыходзяць і пачынаюць высвятляць, навошта мне трэба на прыём. Яны баяцца начальніка калоніі. А калі, не дай бог, гэта выйдзе за межы калоніі, і "атрымае" яшчэ начальнік калоніі, то гэта наогул... І атрымліваецца такі ланцужок.

Таму калі мы будзем казаць пра гэта, то там яны будуць больш баяцца і стрымліваць сябе ў нейкіх момантах. А калі не казаць пра рэпрэсіі, то ў іх будуць развязаныя рукі. Большасьць беларусаў не могуць пра гэта казаць, бо няма бяспекі. Але ёсць яшчэ адваротны бок: калі мы пра гаворым пра рэпрэсіі, то яны могуць пачаць прэсаваць яшчэ больш, але не таму, што ты пра гэта кажаш, а таму што ім робіцца яшчэ страшней. Прэсуюць яшчэ больш, каб запалохваць людзей, каб яны маўчалі. На ланцугу гэтага страху ісці не трэба, бо нам будзе яшчэ горш. Трэба апублічваць усё, каб ім было страшней, каб сусветная супольнасць і людзі разумелі, што ў нас адбываецца. Калі пра гэта не казаць, то яны проста будуць забіваць у турмах..."

"Пачалі прыходзіць вялікія стосы лістоў, як мяне абвясцілі палітвязнем"

dzjanis_dzemuh_fota_dzmitryja_dzmitryeva
Дзяніс Дземух адразу пасля вызвалення. Фота: "Новы час"

Палітзняволены Дзяніс Дземухбыў сімвалічнаасуджаны да паўтара года калоніі за ўдзел у "Маршы вызвалення палітвязняў". Ён цалкам адбыў тэрмін у калоніі № 3 і выйшаў на волю 27 снежня 2021 года. Дзяніс распавёў пра свой вопыт, как прызнанне яго палітзняволеным паўплывала на хвалю салідарнасці:

"Калі пачалі мне лісты прыходзіць, я не мог уявіць, што так адбудзецца. Як я да гэтага паставіўся? Не ў неразуменнях: як, чаму, за што? Быццам бы нічога такога асаблівага і не зрабіў, але ўсё ж такі не мог зразумець, за што мяне вырашылі ўзяць і закінуць у гэты спіс [палітзняволеных].

Мне пачалі прыходзіць вельмі вялікія стосы лістоў, менавіта пасля таго, як мяне абвясцілі палітвязнем, тады ўжо пра мяне хоць нейкая інфармацыя была вядомая. Я спачатку наогул не зразумеў, адкуль пачалі лісты прыходзіць, хто паспрыяў. У лістах мне пісалі, што пра мяне нічога невядома, што на праваабарончых сайтах пра мяне наогул ніякай інфармацыі не было. І як толькі я вызваліўся, я стараўся з усімі спісацца, стэлефанавацца, з кімсьці асабіста сустрэцца, падзякаваць гэтым людзям за тое, што яны прарабілі такі вялікі шлях для таго, каб хоць неяк, нават звычайным лістом чалавека падтрымаць. У такіх месцах нават звычайная паштоўка — гэта ўжо добра. Калі табе ад незнаёмага чалавека прыходзіць, напрыклад, паштоўка, у цябе ўжо сэрца радуецца, што пра цябе ніхто не забыўся і нехта пра цябе да гэтага часу яшчэ памятае.

І калі я выйшаў, то перш за ўсё пачаў лісты адпраўляць тым, з кім меў зносіны ў калоніях. З кім ніколі не перасякаўся, але інфармацыю нейкую чуў, таксама дасылаў лісты, бо я ведаў, што гэта такое. Я ведаў прыкладна, як на гэта рэагуе чалавек, калі ён гэта атрымлівае. Я яго ўяўляў на сваім жа месцы, і я такі: "Адпраўлю проста звычайную паштоўку". Я тады дзесьці 150 паштовак набыў з віншаваннямі на Новы год, адправіў проста незнаёмым палітвязням, якіх я наогул ні разу не бачыў. Я гэта асабіста адчуў, і хацелася хоць неяк палегчыць лёс адным звычайным лістом чалавеку".

439 дзён у няволі і на волі. Гісторыя Дзяніса Дземуха — былога палітвязня, які хоча памятаць усё

"Вясна" распавядае пра Дзяніса Дземуха — былога палітвязня, які хоча памятаць усё.

"Каб тыя жахлівыя рэчы, якія з намі робяць у засценках турмы, не адбываліся таемна"

Былая палітзняволеная (імя не называецца ў мэтах бяспекі), якая адбыла цалкам свой тэрмін у калоніі, адзначае важнасць статуса палітзняволенай і неабходнасці апублічвання гісторыі пераследу.

"Мне было важна, каб мяне прызналі палітзняволенай і ўсе гэтыя факты былі апублічаныя, паколькі ў псіхалагічным плане гэта дае больш сілаў, больш упэўненансці і ты ведаеш, што ты не адзін, што за цябе змагаюцца, за тваім лёсам сочаць. Для мяне гэта было важна, не ў плане нейкага іміджу палітычнага, а менавіта вось тое, што я пералічыла.

Наконт апублічвання лічу гэтак жа. Каб паказаць маштаб рэпрэсій, каб і гармадства, і міжнародная грамадскасць таксама ведалі рэальную карціну таго, што адбываецца, і каб тыя жахлівыя рэчы, якія з намі робяць у засценках турмы, не адбываліся таемна. Свет мусціь пра гэта ведаць.

Пра тое, што я ў спісе палітвязняў, я даведалася ад свайго адваката. Ён да мяне прыехаў у Жодзіна і сказаў, што мяне прызналі палітзняволенай. Гэта даволі хутка адбылося пасля майго затрымання. І я памятаю сваі пачуцці і ўражанні. Я ведала, канешне, што я нічога крымінальнага не зрабіла, што гэта палітычны пераслед, але ў той момант, у мяне нібыта крылы выраслі. Так мне стала добра, спакойна і цёпла. Такая хваля цеплыні і салідарнасці захіснула мяне. Гэта было вельмі эмацыйна. У гэты момант адчувала ўдзячнасць да беларусаў і ўсіх, хто нас падтрымлівае, сваіх паплечнікаў, аднадумцаў, свайго народу і міжнародных праваабаронцаў. Мне гэта надало вельмі шмат дадатковых сілаў. Для мяне гэта было вельмі важна і я ніколі гэтага факту не хавала".

"Наяўнасць ці адсутнасць статусу не ўплывае на стаўленне адміністрацыі да палітвязня"

Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч
Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч "Песня пра Беларусь"

Жанчына адзначае з уласнага досведу, што статус палітвязня не ўплывае на становішча чалавека ў турме:

"Статус гэты ні на што не паўплываў. Тыя палітвязні, якія не хочуць, каб іх прызнавалі палітвязнямі і не афішуюць свае гісторыі — я іх разумею. Але мой досвед падказвае, што гэта ніяк не ўплывае на стаўленне да палітвязня з боку пенітынцыярнай сістэмы і сілавікоў. Усё роўна, калі чалавек заязджае ў калонію, яго справа добра вядомая, яна вельмі пільна вывучаецца і аператыўнай часткай і іншымі супрацоўнікамі яшчэ да таго моманту, як чалавек заехаў. І не важна ёсць статус ці не — ёсць адпаведныя артыкулы, якія трактуюцца сілавікамі як "пратэсныя артыкулы". Таму кляймо "ворагу народа" і не "благанадзейнай асобы" за чалавекам аўтаматычна замацоўваецца. І гэта [адсутнасць статусу] не аберагае яго ад жоўтай біркі, якую чалавек усё роўна атрымае ў калоніі і ад перадузятага стаўлення ад адміністрацыіі. Таму маё меркаванне, сыходзячы з асабістага турэмнага пакутлівага досведу: наяўнасць ці адсутнасць статусу не ўплывае на стаўленне адміністрацыі да палітвязня. Усё роўна гэты чалавек будзе пад прэсам, усё роўна ён будзе ўспрымацца як "неблаганадзейны элемент" з усімі наступствамі".

Спісы ваеннаабавязаных жанчын, праца без выходных, блакаванне ліставання: што цяпер адбываецца ў гомельскай жаночай калоніі

"Вясна" сабрала сведчанні жорсткіх умоваў утрымання палітзняволеных жанчын і ціску на іх з боку адміністрацыі гомельскай калоніі.

"Гэта дазваляе нам выжыць за кратамі"

Былая палітзняволеная дадала пра важнасць салідарнасці і з боку сімвалічных хросных для палітвязняў:

"Я таксама памятаю сваі пачуцці, калі мне ў зняволенні паведамілі, што ў мяне з'явілася "хросная" дэпутатка нямецкага Бундэстагу. І гэта настолькі моцныя эмацыйныя рэчы для палітвязняў: кожнае прывітанне, кожны крок падтрымкі з волі, удзел у тваім лёсе, спачуванне, што за тваім лёсам сочаць і перажываюць. Гэта дазваляе нам выжыць за кратамі. Пераацаніць значнасць гэтага немагчыма. Гэта яшчэ больш умацоўвала цябе ў думцы, што ты маеш рацыю, што ты несправядліва асуджаны, што асуджаны за сваі правільныя ідэі, якія трэба абараняць і цябе ў гэтым падтрымліваюць. А без статуса палітвязняў у мяне, канешне, такой падтрымкі, у тым ліку з боку міжнароднай грамадскасці, было б меней".

#WeStandBYyou. Распавядаем, хто такія "хросныя" палітвязняў і чым яны займаюцца

"Вясна" распавядае, хто такія “хросныя” і чым яны займаюцца.

Дапамажыце свету даведацца пра маштаб рэпрэсій у Беларусі — паведамляйце праваабаронцам пра затрыманні і суды!

Кожны дзень па ўсёй Беларусі адбываюцца дзясяткі палітычных затрыманняў, аднак праваабаронцы даведваюцца далёка не пра ўсе з іх. У цэнтры Еўропы людзей катуюць і трымаюць у нечалавечых умовах за іх грамадзянскую пазіцыю, але большасць такіх гісторый замоўчваецца.

Калі ласка, паведамляйце пра затрыманні, суды і ціск праваабаронцам. Па жаданні, ваша інфармацыя можа застацца непублічнай і не будзе апублікаваная ў адкрытых крыніцах. Не маўчыце пра рэпрэсіі — дапамажыце паказаць свету маштаб катастрофы з правамі чалавека ў Беларусі!

Нашы кантакты:

Крыніца: "Свет мусціь пра гэта ведаць". Былыя вязні і праваабаронца пра статус палітвязня і апублічванне рэпрэсій