17.03.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, палітвязні, рэпрэсіі У Мінскім гарадскім судзе 17 студзеня агучылі прысуд па справе найбуйнейшага беларускага незалежнага парталу TUT.BY: былой галоўнай рэдактарцы Марыне Золатавай і былой генеральнай дырэктарцы Людміле Чэкінай прызначылі па 12 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Рашэнне па справе прымала суддзя Валянціна Зянькевіч.Суд у закрытым рэжыме цягнуўся больш за два месяцы — агулам прайшло 37 пасяджэнняў.
У чым абвінавацілі супрацоўніц TUT.ВY?
Былую генеральную дырэктарку Людмілу Чэкіну вінавацілі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
- ч. 2 арт. 243 (ухіленне ад выплаты сумаў падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры);
- ч. 4 арт. 16, ч. 3 арт. 130 (арганізацыя наўмысных дзеянняў, скіраваных на распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасці, якія ўчыненыя групай асобаў або пацягнулі цяжкія наступствы);
- ч. 4 арт. 16, ч. 3 арт. 361 (кіраўніцтва заклікамі да дзеянняў, скіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненае з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі або глабальнай камп’ютарнай сеткі Інтэрнэт).
Былой галоўнай рэдактарцы Марыне Золатавай ставілася ў віну:
- ч. 2 арт. 243 (ухіленне ад выплаты сумаў падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры);
- ч. 3 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасці, якое ўчыненае групай асобаў або пацягнула цяжкія наступствы);
- ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў, скіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненыя з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі або глабальнай камп’ютарнай сеткі Інтэрнэт).
Вользе Лойцы, Алене Талкачовай і Кацярыне Ткачэнцы раней змянілі меру стрымання — яны з'ехалі за мяжу. Як паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы, крымінальная справа ў дачыненні да іх вылучана ў асобную судовую вытворчасць, а яны абвешчаныя ў вышук.
Увечары 16 сакавіка па БТ паказалі "расследванне" пра працу TUT.ВY. Прапагандыстка Ксенія Лебедзева хацела распавесці гледачам, у чым вінаватыя супрацоўніцы парталу. Але, па сутнасці, іх абвінавацілі ў тым, што ў 2013-2014 гадах журналісты асвятлялі падзеі ва Украіне падчас Майдану, у 2010 годзе пісалі пра паслявыбарчыя акцыі пратэстаў у Беларусі, пра дэвальвацыі ў краіне, а таксама пра рэпрэсіі супраць мірных беларускіх пратэстоўцаў у 2020 годзе. Але сутнасць прад'яўленных абвінавачванняў Золатавай і Чэкінай невядомая.
Апроч усяго, прапагандысты выказалі меркаванне, што журналісты парталу "распальвалі сацыяльную варожасць", калі, у тым ліку публікавалі фота і відэа з апазіцыйных і праўладных акцый пратэсту. На думку эксперткі, якая каментавала ў фільме публікацыі парталу і давала ім адзнаку, журналісты паказвалі пратэстоўцаў "светлымі і радаснымі", а праўладных ім наўпрост супрацьпастаўлялі.
"Такое супрацьпастаўленне грамадзянаў адной краіны — гэта і ёсць "распальванне сацыяльнай варожасці ці розніцы". Методыкі нагнятання выкарыстоўваліся як у артыкулах, так і каментарах, якія кіраўніцтва партала закрыць адмовілася, тым самым падтрымваючы высокі градус у грамадстве", — пракаментавала Ксенія Лебедзева.
Сёння ў закрытым рэжыме пачынаецца суд па "справе TUT.ВY"
"Вясна" распавядае, у чым абвінавачваюць супрацоўніц парталу TUT.BY, і што цяпер вядома па справе.
Падтрымайце палітзняволеных пасылкамі, медыцынскімі бандэролямі, а таксама паштоўкамі, тэлеграмамі і лістамі салідарнасці:
СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2
Людміла Юр'еўна Чэкіна
Марына Васільеўна Золатава
Крыніца: Па 12 гадоў калоніі: абвешчаны прысуд па "справе TUT.BY"