16.03.2023 Тэгі: праваабаронцы, правы зняволеных, справа Вясны Асобы: Марфа Рабкова Палітзняволеную каардынатарку Валанцёрскай службы "Вясны" Марфу Рабкову, асуджаную да 14 гадоў і дзевяць месяцаў калоніі, днямі этапавалі ў жаночую калонію. Да гэтага два з паловай гады яе ўтрымлівалі ў следчым ізалятары № 1 у Мінску. За гэты час у 28-гадовай дзяўчыны сур'ёзна пагоршылася здароўе і яна мае патрэбу ў добрым абследванні і лячэнні. Надзея застаецца на тое, што цяпер гэта адбудзецца ў калоніі. Былая сукамерніца Марфы экскурсаводка Валерыя Чарнаморцава распавяла "Вясне" падрабязней пра здароўе нашай каляжанкі.
У зняволенні Марфа некалькі разоў перахварэла на COVID, гэта, у тым ліку, паўплывала і на запаленчыя працэсы ў дзяўчыны. Так, Марфа даўно мае праблемы з лімфавузламі і шчытавіднай залозай. Валерыя Чарнаморцава, якая ўтрымлівалася з Марфай у адной камеры з канца кастрычніка да сярэдзіны студзеня, распавяла пра яе здароўе ў тыя часы:
"У яе больш за год запалёныя лімфавузлы, і ёсць нейкія новаўтварэнні ў шчытавіднай залозе, якія яна ўжо фізічна адчувае. У СІЗА ёй рабілі ўльтрагукавое даследаванне ("УЗИ"). На "Валадарку" прыязджаў спецыяліст, але ён быў з дрэнным апаратам. Ён тады сказаў Марфе, што ёй патрэбна зрабіць абследванне на лепшым апараце ў Калядзічах, дзе ёсць нармалёвы апарат. Яна на чацвярговых праверках казала гэта ўвесь час, але супрацоўнікі ёй адказвалі, што яны ведаюць і памятаюць гэта. Але да гэтага часу нічога не зрабілі. Але ёй ужо трэба не проста УГД зрабіць, а пункцыйную біяпсію для таго, каб зразумець, ці гэта добраякаснае ўтварэнне, ці штосьці страшней".
Акрамя гэтага, у Марфы даўно выявілі вадкасць у малым тазе, таму ёй трэба зрабіць і генікалагічную дыягностыку і прызначыць неабходнае лячэнне.
Валерыя адзначае, што ўзровень медыцынскай дапамогі ў СІЗА-1 пакідае жадаць лепшага:
"У СІЗА ёсць такі тэрапеўт па мянушцы "Вася Канавал", які нічога не робіць. Калі ў вязняў ёсць праблемы са здароўем, то яны пішуць яму лісты, а той, у сваю чаргу, мусіць разглядаць іх. Але, напрыклад, калі ў нас ва ўсіх быў высокі ціск, то ён казаў: "Спортам трэба займацца".
Як прыклад, Маша (Марфа) распавядала, як у адной жанчынкі адняліся ногі ў камеры. У яе былі праблемы да гэтага, і яна прасіла пракалоць курс лекаў ёй. І вось, што ў выніку атрымалася... Вася Канавал стаяў над ёй, смяяўся і казаў: "Вы ж, жанчыны, моцны пол, чаму вы ўстаць не можаце?!" Два тыдні дзяўчаты за ёй даглядалі, пакуль яе не забралі кудысьці на медчастку. Ёй там пракалолі курс гэтых лекаў, яна стала крыху хадзіць, і яе адправілі на калонію. Гэтая гісторыя яскрава адлюстроўвае ўзровень медыцыны ў СІЗА".
Па словах Валерыі, Марфа заўсёды настойвала, каб кожны дзень іх камера выходзіла на шпацыр. Бо ў СІЗА існуе правіла, што, калі хто-небудзь з вязняў адмаўляецца ісці на шпацыр, то не ідзе ўся камера.
"Калі нехта адмаўляўся, то Маша казала: "Прабачце, дзяўчаты, але без шпацыра я проста не выжыву"".
14 сакавіка праваабаронцу этапавалі з СІЗА-1 ў гомельскую жаночую калонію № 4, дзе яна будзе на каранціне каля двух тыдняў. 16 сакавіка стала вядома, што Камітэт дзяржаўнай бяспекі ўнёс Марфу Рабкову ў спіс "асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці".