16.03.2023 Тэгі: пераслед, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 16 сакавіка збірае факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У Магілёве затрымалі кандыдата біялагічных навук Наталлю Мартусевіч

Наталлі Мартусевіч 47 гадоў і яна з Магілёва. З 2004 года Наталля працуе дацэнтам ва ўніверсітэце, які яна скончыла і больш за 15 гадоў не толькі займаецца навукай, але і выкладае студэнтам.

Відэа з жанчынай выйшла на днях на канале магілёўскага ГУБАЗіК. Там яна кажа, што "пісала ў экстрэмісцкіх чатах" і "зарэгістравалася ў плане "Перамога". Праўда, мяркуючы па скрыншотах, у фэйкавым "плане "Перамога". ГУБАЗіК пагражае ёй крымінальнай справай і заключэннем пад варту.

У Гарадку быў затрыманы сябра ЦРК БСДП Лявон Гаравы

Да суда, які павінен адбыцца 16 cакавіка, ён змешчаны ў ізалятар. Вядома, што дома ў яго адбыўся ператрус.

Вінавацяць мужчыну у распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў, піша @BSDP_Hramada.

Праваабаронцу Марфу Рабкову ўнеслі ў "тэрарыстычны спіс"

Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» — там з'явіліся прозвішчы яшчэ адзінаццаці чалавек.

Марфа Рабкова

Сярод іх Дзмітрый Слук, Аляксандр Мілашэўскі, Вадзім Васільеў, Мікалай Бібліс, Аляксандр Сідарэнка, Аляксандр Францкевіч, Марфа Рабкова, Акіхіра Гаеўскі-Ханада, Андрэй Чапюк, Віталь Енаровіч, Аляксандр Сумар.

Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1037 чалавек, з іх 289 — беларусы.

Інфармацыя дапаўняецца.

Крыніца: Расце спіс "тэрарыстаў", новыя затрыманні: хроніка пераследу 16 сакавіка