15.03.2023 Тэгі: палітвязні, пераслед, ціск, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 15 сакавіка збірае факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Палітзняволеную Вольгу Ялцэвіч у СІЗА змяшчалі ў падвал на 50 сутак
Суд Маскоўскага раёна Брэста ў ліпені асудзіў жыхарку Докшыцаў да 2 гадоў калоніі за "фінансаванне пратэстнай дзейнасці" (ч. 2 арт. 342 КК).
Былая палітзняволеная распавяла праекту «Палітвязынка» пра ціск на Вольгу ў СІЗА:
«У берасцейскім СІЗА Воля некалькі разоў трымала галадоўку на знак пратэсту супраць цяжкіх умоў. З-за гэтага яе садзілі ў карцар. А потым ўвогуле ў падвальнае памяшканне пасадзілі. Яно выглядала як камера, але па факту — падвал. Воля правяла ў ім каля 50 сутак. Умовы там жудасныя: толькі халодная вада, вельмі вільготна. Там нават печыва або вафлі немагчыма было есці, бо ўсе прадукты адразу ж рабіліся вільготнымі. Праз гэта ў Волі вельмі пагоршылся здароўе. Зараз яна ў гомельскай калоніі і яна трымаецца. Я была ўражаная стойкасцю Волі».
Падтрымайце Вольгу: ПК № 4, 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3, Ялцэвіч Вольга Міхайлаўна
"Нясе пагрозу Рэспубліцы Беларусь". У Кобрыне затрымалі грамадзяніна Украіны Арцёма Макавея
Арцёму 23 гады, ён працаваў дыджэем, ездзіў з выступамі па Беларусі. Па словах маці Іны, Макавей жыў у Беларусі з 2009 году, меў тут дазвол на жыхарства. Яна расказвае, што ў студзені 2023 году сына выклікалі ў міграцыйную службу і «прапаноўвалі там прайсці паліграф», піша блог «Галасы».
«У канцы студзеня да яго стукалі ў дзверы незнаёмыя ў цывільным, ён баяўся ім адчыняць, бо не ведаў, хто гэта. 27 студзеня Арцём знік, перастаў адказваць мне на паведамленні», – кажа Іна Макавей.
Жанчына даведалася, што затрымлівалі не толькі сына, але і ягоных сяброў. Іх у выніку адпусцілі з-пад варты. Нядаўна Іна сама прыехала ў Беларусь.
«Мне проста нічога не адказваюць, ухіляюцца ад адказу. Нават сказалі: «Адкуль вы ўзялі, што мы забралі?». Адзінае, што паведамілі: «Ён нясе пагрозу Рэспубліцы Беларусь». Больш ніякіх тлумачэнняў», – кажа ўкраінка.
У рэдакцыі газеты "Інфа-Кур’ер" у Слуцку сёння адбыўся ператрус
Трое супрацоўнікаў рэдакцыі затрыманыя, піша @bajby. Таксама няма сувязі з галоўным рэдактарам выдання Сяргеем Станкевічам.
Сілавікі адсправаздачыліся аб закрыцці "дэструктыўнай ячэйкі страйкбалістаў" у Салігорску
У праўладным тг-канале з'явілася пакаяльнае відэа з двума затрыманымі жыхарамі Салігорска. Іх называюць «ячэйкай страйкбалістаў» і абвінавачваюць у экстрэмісцкай дзейнасці.
Таксама сцвярджаецца, што хлопцы «задумвалі штосці супрацьпраўнае і мелі замежныя сувязі».
Інфармацыя дапаўняецца