14.03.2023 Тэгі: палітвязні, праваабаронцы, міжнародная салідарнасць праваабаронцаў, справа Вясны Асобы: Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір ЛабковічАлесь Бяляцкі падчас уручэння прэміі "За годны лад жыцця", 2020 год. Фота з твітара Right Livelihood Праваабарончая арганізацыя Right Livelihood пасля прысуду Алесю Бяляцкаму, Валянціну Стэфановічу і Уладзіміру Лабковічу папрасіла лаўрэатаў прэміі “За годны лад жыцця” прачытаць урыўкі з апошняга слова праваабаронцаў “Вясны” ў судзе. 

Лаўрэатка прэміі 2016 года, феміністка і праваабаронца з Егіпту Мозн Хасан зачытала наступныя радкі з выступу Алеся Бяляцкага: 

“Пра палітычную матывацыю крымінальнага пераследу праваабаронцаў "Вясны" сведчыць таксама сітуацыя ў краіне ў цэлым, прасякнутая масавымі рэпрэсіямі і татальным парушэннем правоў чалавека падчас і пасля выбарнай кампаніі 2020 года. Замест таго, каб пачуць голас народа, гвалтоўная рэакцыя [уладаў] рушыла ўслед у Беларусі. Відавочна палітычна матываванае рашэнне ўладаў складалася ў тым, каб разграміць грамадзянскую супольнасць Беларусі і знішчыць яе. Зараз у краіне налічваецца больш за 1400 палітычных зняволеных”.

Лаўрэат прэміі 2017 года, праваабаронца з Індыі Колін Гансалвес прачытаў радкі з выступа Валянціна Стэфановіча [у публікацыі памылкова адзначаны Алесь]: 

“Пераслед у дачыненні да нас выключна палітычна матываваны. Але “Вясну” гэта ніколі не спыніць. Мы не дарма пражылі свае жыцці, мы падрыхтавалі сабе замену. Новыя пакаленні беларускіх праваабаронцаў выраслі і працягваюць нашу працу. Ну а хаду натуральнага жыцця спыніць немагчыма: пасля зімы наступае Вясна, і Вясна прыйдзе незваротна”.

Праваабаронца “Вясны” Наталля Сацункевіч распавяла пра тое, наколькі несправядлівыя вынесеныя калегам прысуды, і як іх можна падтрымаць: 

“Я вельмі ўдзячная ўсім людзям, якія падтрымліваюць праваабаронцаў “Вясны” ў Беларусі, актывістаў і дэмакратычныя перамены ў Беларусі. Сёння выдатны дзень, каб максімальна выказаць сваю салідарнасць, распаўсюджваць інфармацыю пра “Вясну”, пра Алеся Бяляцкага, лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру, які знаходзіцца ў турме, пра астатніх праваабаронцаў, пра больш чым 1400 палітычных зняволеных, якія знаходзяцца зараз у Беларусі і пра іншых людзей, якія зведалі пакуты і сутыкнуліся з парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі. Калі ласка, адпраўце ліст падтрымкі або паштоўку з любой краіны ў свеце - яны дойдуць да Беларусі і пакажа беларускім уладам, што кожнаму палітычнаму зняволенаму надаецца міжнародная ўвага і аказваецца падтрымка, і гэта дапаможа ім захаваць здароўе, а ў некаторых выпадках - нават жыццё”.

Right Livelihood нагадала, што ў 2020 годзе падчас уручэння прэміі “За годны лад жыцця” Бяляцкаму і Праваабарончаму цэнтру “Вясна”, Алесь адзначыў у сваім выступе, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі пагаршаецца.

Тады ён таксама сказаў: 

“Часам мне сніцца, што я зноў у турме. І гэта мае самыя змрочныя сны”. 

Праз трохі болей, чым паўгады, Алесь Бяляцкі быў затрыманы ў Беларусі і з тых часоў застаецца ў зняволенні. 

"Сёння [у дзень прысуда] яна [cітуацыя з правамі чалавека] дасягнула яшчэ адной нізкай кропкі. Мы салідарныя са смелымі людзьмі, якія змагаюцца за правы чалавека і дэмакратыю ў Беларусі. Мы і многія іншыя будзем працягваць іх справу", - падкрэсліваюць у Right Livelihood.

Дасылайце лісты падтрымкі, а таксама бандэролькі і грашовыя пераводы:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Аляксандру Віктаравічу БяляцкамуВалянціну Канстанцінавічу СтэфановічуУладзіміру Мікалаевічу Лабковічу

Нагадаем, 3 сакавіка суд Ленінскага раёна Мінска вынес прысуд чацвярым праваабаронцам "Вясны", прызнаўшы іх вінаватымі ў навучанні ці іншай падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама фінансаванні ці іншым матэрыяльным забеспячэнні такой дзейнасці і кантрабандзе, здзейсненым арганізаванай групай, і прызначыў наступныя пакаранні:

  • лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру, кіраўніку "Вясны" Алесю Бяляцкаму — 10 гадоў пазбаўлення волі;
  • сябру Рады "Вясны" і віцэ-прэзідэнту FIDH Валянціну Стэфановічу — 9 гадоў пазбаўлення волі;
  • юрысту і каардынатару кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзіміру Лабковічу — 7 гадоў пазбаўлення волі;
  • сябру "Вясны" Дзмітрыю Салаўёву — 8 гадоў пазбаўлення волі (завочна),

а таксама штрафы ў памеры ад 3000 да 5000 базавых велічынь кожнаму, спагнаўшы з іх дадаткова да гэтага яшчэ 752 тысячы беларускіх рублёў.

"Замкнёныя ў клетцы і скаваныя кайданкамі барацьбіты за правы чалавека, — вось ілюстрацыя беларускага правасуддзя"

Заява Праваабарончага цэнтра "Вясна" з нагоды вынесеных прысудаў Алесю Бяляцкаму, Валянціну Стэфановічу і Уладзіміру Лабковічу.

Крыніца: Right Livelihood у падтрымку зняволеных вясноўцаў: "Мы і многія іншыя будзем працягваць іх справу"