14.03.2023 Тэгі: адміністратыўны пераслед, пераслед, ціск, рэпрэсіі У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 14 сакавіка збірае факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Затрыманаму журналісту Вячаславу Лазараву інкрымінуюць "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці"
Нагадаем, затрыманне Вячаслава адбылося 9 лютага. Спачатку Лазарава павезлі ў Следчы камітэт, і амаль суткі родныя не ведалі пра далейшы ягоны лёс. Стала вядома, што яго абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 361-4 КК (сайдзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Цяпер яго ўтрымліваюць у віцебскім СІЗА-2
Падтрымайце Вячаслава грашовымі пераводамі, пасылкамі, тэлеграмамі: СІЗА-2. 210026, Віцебск, Гагарына, 2, Вячаслаў Дзмітрыевіч Лазараў
З'явілася інфармацыя пра затрыманне памочніка Мясніковіча Дзмітрыя Шадко
13 сакавіка СМІ паведамлялі, што мужчына знік і яго не могуць знайсці тры дні. Па інфармацыі "Вясны", Дзмітрый быў, імаверна, затрыманы на працы ў Маскве. Як сцвярджаюць нашыя крыніцы, мужчына доўгі час быў звязаны з "ралевікамі" і час ад часу, па магчымасці, прымаў удзел у іх мерапрыемствах — ён асабіста ведаў некаторых людзей, што былі затрыманыя па справе дыверсіі ў Мачулішчах.
Шадко займаў пасаду памочніка Міхаіла Мясніковіча, старшыні Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі (орган Еўразійскага эканамічнага саюза, куды ўваходзяць Арменія, Беларусь, Кыргызстан, Расія, Казахстан). Да траўня 2019 году ён быў намеснікам Міністра сувязі і інфарматызацыі Беларусі.
Падчас аблавы ў Гомелі сілавікі "праверылі" больш за 30 чалавек "на прадмет садзейнічання экстрэмісцкім фармаванням"
Праўладныя крыніцы паведамілі, што сілавікі падчас аблавы "выявілі сувязі замежных удзельнікаў экстрэмісцкіх фармаванняў і прыцягнулі больш за дваццаць чалавек да адказнасці".
Фотаздымкі і фрагменты "пакаяльных" відэа з удзелам затрыманых апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы. Затрыманым прыгразілі адказнасцю "ў адпаведнасці з заканадаўствам Беларусі", піша Zerkalo.io.
У Гродне затрыманы супрацоўнік "Гродна Азот" і сябра незалежнага прафсаюза
Гэта 44-гадовы Максім Сеннік. Мужчыну ўзялі пад варту і змясцілі ў СІЗА турмы №1 Гродна, піша @nebovkletku. На "пакаяльным відэа" мужчына кажа, што "прытрымліваўся апазіцыйных поглядаў і ўдзельнічаў у акцыях пратэсту ў 2020 годзе. Таксама з'яўляўся сябрам незалежнага прафсаюза ААТ “Гродна Азот”".
Таксама ён нібыта ў Telegram-каналах абражаў Лукашэнку, прадстаўнікоў улады, міліцыянтаў, перадаваў інфармацыю тэлеканалу "Белсат".
ГУБАЗіК ладзіць "рэйды" на сем’і і знаёмых байцоў Палка Каліноўскага
Начальнік ГУБАЗіК МУС Андрэй Ананенка заявіў, што сілавікі адпрацоўваюць сувязі беларусаў, якія трапілі ў спісы так званых "экстрэмістаў і тэрарыстаў".
Паводле яго, "удзельнікі экстрэмісцкіх і тэрарыстычных арганізацый, якія знаходзяцца за мяжой, такіх, як Полк Каліноўскага і іншых узброеных фармаванняў, выношваюць планы па дэстабілізацыі абстаноўкі ў Беларусі". ГУБАЗіК лічыць, што паколькі ў Беларусі ў тых, хто з'ехаў за мяжу, засталіся сувязі (у тым ліку "сваякі і знаёмыя"), яны могуць садзейнічаць "экстрэмісцкай дзейнасці".
"Сувязі беларускіх наймітаў, якія ваююць у складзе незаконных узброеных фармаванняў на тэрыторыі Украіны, зафіксаваныя і сістэмна адпрацоўваюцца на прадмет падрыўной дзейнасці ўнутры краіны і аказання садзейнічання замежным радыкальным ініцыятывам. Работа ў гэтым напрамку ўсімі падраздзяленнямі органаў унутраных спраў працягваецца", — паведамляе МУС.
Паводле МУС, з пачатку мінулага года да крымінальнай адказнасці прыцягнутыя 11 чалавек за спробу выезду з Беларусі для ўступлення ў ваенізаваныя фармаванні ва Украіне.
Крыніца: Затрыманні і іншыя факты пераследу 14 сакавіка Дапоўнена