10.03.2023 Тэгі: грамадства, карткі, экстрэмізм З 18 лістапада 2021 года ў Беларусі Камітэт дзяржаўнай бяспекі і Міністэрства ўнутраных справаў прызналі больш за 120 "экстрэмісцкіх фармаванняў". Гэта тэлеграм-каналы і чаты, незалежныя СМІ, грамадскія аб'яднанні, полк Кастуся Каліноўскага і нават музыкальны гурт. З Юрыдычнай службай "Вясны" адказваем на актуальныя пытанні пра "экстрэмісцкія фармаванні".

Дзе шукаць "Спіс экстрэмісцкіх фармаванняў"?

"Пералік арганізацый, фармаванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці" публікуецца на сайце Міністэрства ўнутраных справах. Улічвайце, што з-за мяжы гэты сайт не адчыняецца. 

Праваабаронцы "Вясны" сочаць за абнаўленнямі Спіса і інфармуюць пра адпаведныя змены праз сацыяльныя сеткі і сайт. 

Што такое "экстрэмісцкае фармаванне" і хто прымае адпаведнае рашэнне?

Вызначэнне тэрміна "экстрэмісцкага фармавання" дадзена ў ч. 4 арт. 1 Закона "Аб супрацьдзеянні экстрэмізму". Экстрэмісцкае фармаванне – гэта група грамадзян, якая ажыццяўляе экстрэмісцкую дзейнасць, альбо якая аказвае іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, альбо якая прызнае магчымасць яе ажыццяўлення ў сваёй дзейнасці, альбо фінансуе экстрэмісцкую дзейнасць, у дачыненні да якой прынята рашэнне Міністэрства ўнутраных спраў або Камітэта дзяржаўнай бяспекі аб прызнанні яе экстрэмісцкай. Адпаведнае рашэнне прымаецца ў пазасудовым парадку. Ад чаго гэта залежыць орган – незразумела.

Калі МУС ці КДБ у дзеяннях групы грамадзян выявіць прыкметы, якія сведчаць аб ажыццяўленні дзейнасці, прадугледжанай часткай 4 артыкула 1 Закона "Аб супрацьдзеянні экстрэмізму", прымаецца рашэнне аб прызнанні такой групы грамадзян экстрэмісцкім фарміраваннем і аб забароне яго дзейнасці.

А што такое тады "экстрэміская арганізацыя"?

Як гаворыцца ў Законе, экстрэмісцкая арганізацыя – арганізацыя, якая ажыццяўляе экстрэмісцкую дзейнасць, альбо якая аказвае іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, альбо якая прызнае магчымасць яе ажыццяўлення ў сваёй дзейнасці, альбо фінансуе экстрэмісцкую дзейнасць, у дачыненні да якой прынята і ўступіла ў законную сілу рашэнне суда аб прызнанні яе экстрэмісцкай.

Пакуль у Беларусі адна "экстрэміская арганізацыя". "ТУТ бай медыя" быў прызнаны гэткай 14 чэрвеня 2022 года.

Каго могуць прызнаць "экстрэмісцкім фармаваннем"?

Зыходзячы з Пераліку, "экстрэмісцкім фармаваннем" могуць прызнаць амаль любы суб'ект: СМІ, супольнасці актывістаў, палітычныя суб'екты і нават музычную групу. Так, былі ўключаныя ў пералік:

  • інфармацыйнае агенцтва "БелаПАН";
  • "Беларускі незалежны прафсаюз РЭП";
  • "Еўрарадыё";
  • тэлеграм-чат адвакатаў "Беларускiя Адвакаты";
  • Аб'яднанне беларускіх добраахвотнікаў ва Цкраіне "Полк імя Кастуся Каліноўскага";
  • музычны калектыў "Tor Band";
  • экалагічная арганізацыя "Экадом", якая прасоўвала зялёную энергетыку, экалагічны лад жыцця, ідэі ўстойлівага развіцця;
  • гумарыстычны тэлеграм-канал "Чай з малинавым варэннем";
  • грамадскае аб'яднанне "Беларуская асацыяцыя журналістаў".

А які наступствы для ўдзельнікаў і стваральнікаў?

За стварэнне і ўдзел у "экстрэмісцкім фармаванні" прадуглежваецца адказнаць паводле арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса.

Артыкул 361-1 Крымінальнага кодэкса. Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім

1. Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання, а роўна фарміравання, дзейнасць якога накіравана на рэабілітацыю нацызму, альбо кіраўніцтва такім фарміраваннем або ўваходзяць у яго структурным падраздзяленнем –

караюцца абмежаваннем волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да сямі гадоў.

2. Тыя ж дзеянні, учыненыя паўторна або службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў, –

караюцца абмежаваннем волі на тэрмін ад трох да пяці гадоў або пазбаўленнем волі на тэрмін ад шасці да дзесяці гадоў.

3. Уваходжанне асобы ў склад экстрэмісцкага фарміравання ў мэтах здзяйснення злачынства экстрэмісцкай накіраванасці (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні) –

караецца абмежаваннем волі на тэрмін да чатырох гадоў або пазбаўленнем волі на тэрмін ад двух да шасці гадоў.

Юрысты адзначаюць, што ў выпадку ўдзелу для прыцягнення да крымінальнай адказнасці па артыкуле 361-1 Крымінальнага кодэкса, мусіць быць даказаная мэта – уступленне ў экстрэмісцкае фармаванне, каб здзейсніць злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці. Менавіта таму супрацоўнікі гутараць з людзьмі пра ўдзел у пратэсных акцыях.

Пад "злачынствам экстрэмісцкай накіраванасці" разумеюцца злачынства, спалучанае з (1) учыненнем (2) наўмысных дзеянняў, якія адносяцца ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі да экстрэмізму, а роўна іншае злачынства, прадугледжанае гэтым Кодэксам, здзейсненае па матывах расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасці або варожасці, палітычнай ці ідэалагічнай варожасці альбо па матывах варожасці або варожасці ў дачыненні да якой-небудзь сацыяльнай групы.

Ці законна прызнанне "экстрэмісцкага фармавання" пасля затрымання яго стваральніка і ўзбуджэнне крымінальнай справы супраць яго за гэта? 

Юрысты кажуць, што такая працэдура законная, бо для прыцягнення да адказнасці стваральніка не патрабуецца, з фармальнага пункту гледжання, прызнання арганізацыі злачыннай. Аднак для прыцягнення да крымінальнай адказнасці ўдзельніка неабходна даказаць, што ўдзельнік ведаў аб характары дзейнасці фармавання да прызнання яго экстрэмісцкім.

А якія наступствы для тых, хто ў іншых формах неяк узаемадзейнічае з "экстрэмісцкім фармаваннем"?

Па інфармацыі Следчага камітэта ад 10 лістапада 2021 года, "якія ўвайшлі пасля вынясення рашэння і ўключэння ў пералік "экстрэмісцкага фармавання" ў якасці ўдзельнікаў, члены фармавання "Плана перамогі", у тым ліку тыя, што пакінулі ў чат-боце аднайменнага тэлеграм-канала свае дадзеныя для выканання па ўказанні замежных штабоў экстрэмісцкіх дзеянняў на тэрыторыі Беларусі, будуць прыцягвацца да адказнасці за ўваходжанне ў склад экстрэмісцкага фарміравання ў мэтах здзяйснення злачынства экстрэмісцкай накіраванасці (ч.3арт. 361-1 КК Беларусі)".

Аднак, згодна з часткай 3 артыкула 361-1 Крымінальнага кодэкса, падпісчыкі каналаў прыцягваюцца да крымінальнай адказнасці, калі даказаная мэта: уваходжанне асобы ў склад экстрэмісцкага фарміравання, каб здзейсніць злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці.

Тым хто дасылае інфармацыю і дае каментары ці па-іншаму ўзаемадзейнічае могуць быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці за "садзейнічанне экстрэмісцкаму фармаванню" (артыкул 361-4 КК) або "фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці" (артыкул 361-2 КК).

Паводле інфармацыі Следчага камітэта ад 23 лютага 2023 года ў Гродзенскай вобласці ўзбуджана тры крымінальныя справы за інтэрв'ю "экстрэмісцкім СМІ" па артыкуле паводле крымінальнага артыкула за "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці".

Ці ўстаноўлены нейкія абмежаванні ў зняволенні для асуджаных за экстрэмісцкае фармаванне ці садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці?

Так, іх могуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасці альбо ўнесці ў пералік асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці. Пра абмежаванні мы пісалі тут.

Ці можна абскардзіць рашэнне аб прызнанні "экстрэмісцкім фармаваннем" і ў якія тэрміны?

Так, рашэнне аб прызнанні групы грамадзян экстрэмісцкім фармаваннем і аб забароне яго дзейнасці можа быць абскарджана ў МУС, КДБ і (або) у суд. Пра гэта гаворыцца ў артыкуле 15 Закона "Аб супрацьдзеянні экстрэмізму".

Тэрмін для звароту са скаргай у МУС і КДБ не вызначаны, адпаведна, згодна з часткай 2 артыкула 11 Закона "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб", тэрмін для абскарджання складае тры гады з дня, калі заяўнікі даведаліся або павінны былі даведацца аб парушэнні іх правоў, свабод і (або) законных інтарэсаў. Тэрмін для звароту са скаргай у суд – адзін месяц з дня, калі грамадзяніну стала вядома аб парушэнні яго права (артыкул 355 ГПК).

Такім чынам, у выпадку, калі заяўнік вырашыць падаць скаргу ў МУС ці КДБ і пасля гэтага звярнуцца ў суд, то зрабіць гэта неабходна на працягу месяца з дня, калі яму стала вядома аб парушэнні яго права.

А ці былі ўжо такія прэцэдэнты?

Так, у лютым 2023 года суд разглядаў першую скаргу на рашэнне Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь аб прызнанні групы грамадзян, якая аб'ядналася ў ініцыятыву "Рабочы Рух", экстрэмісцкім фарміраваннем і забароне яго дзейнасці — першага "экстрэмісцкага фармавання" ў Беларусі. КДБ прыняў такое рашэнне 21 верасня 2021 года — пасля і падчас затрыманняў фігурантаў справы.

Заяўнікамі па скарзе выступалі палітзняволеныя Сяргей Шэлест, Андрэй Пагерыла, Уладзімір Жураўкоў, Алкясандр Гашнікаў, Аляксандр Капшуль, над якімі на той час адбываўся суд, у тым ліку за ўдзел у "экстрэмісцкім фармаванні". Разгляд скаргі праходзіў у закрытым рэжыме, але можна меркаваць, што ў задавальненні скаргаў было адмоўлена, бо ў выніку палітвязняў прызналі вінаватымі паводле арт. 361-3 КК і асудзілі да вялікіх турэмных тэрмінаў.

Палітвязні абскардзяць рашэнне КДБ аб прызнанні "Рабочага руху" "экстрэмісцкім фармаваннем" 

А калі мяне прызналі ўдзельнікам фармавання, ці магу я гэта абскардзіць?

З нядаўняга часу ў "Пералік арганізацый, фармаванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці" сталі пазначаць і ўдзельнікаў фармавання. Гэта таксама можна абскардзіць.

Рашэнне аб уключэнні ў пералік можна абскардзіць у МУС у месячны тэрмін, які вылічваецца са дня ўключэння фармавання ў пералік (п. 1.3 пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 12.10.2021 № 575 "Аб мерах супрацьдзеяння экстрэмізму і рэабілітацыі нацызму").

У месячны тэрмін пасля атрымання адказу з МУС або са дня заканчэння месячнага тэрміну пасля падачы скаргі ў МУС, калі заяўнікам не быў атрыманы на яе адказ, чалавек можа звярнуцца ў суд. 

Гэта можа зрабіць грамадзінін, якога ўключылі ў пералік.

А хто можа дапамагчы з абскарджваннем? 

Звяртайцеся да нашых юрыстаў на пошту Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду. альбо ў тэлеграм @zvarot96.

Калі ў вас засталіся пытанні, пішыце на пошту "Вясны" – Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду. або ў Telegram @Spring96info

"Мама, я экстрэміст". Якія абмежаванні накладаюцца на асоб, уключаных у "Спіс экстрэмістаў"

"Вясна" тлумачыць, якія абмежаванні надае статус "экстрэміста" і адказвае на іншыя актуальныя пытанні па гэтай тэме.

"І цяпер я бел-чырвона-белы тэрарыст". Адказваем на пытанні пра "спіс тэрарыстаў"

"Вясна" тлумачыць, каго ўключаюць у "спіс тэрарыстаў", якія абмежаванні цягне статус "тэрарыста", і адказвае на іншыя актуальныя пытанні на гэтую тэму.

Крыніца: "Увесь я — фармаванне". Распавядаем усё, што трэба ведаць пра "экстрэмісцкія фармаванні"