10.03.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, палітвязні, адвакатура У Мінскім гарадскім судзе 10 сакавіка распачынаецца суд над палітзняволеным адвакатам Аляксандрам Данілевічам. Яго абвінавачваюць у "пасобніцтве ў закліках да санкцый" спартоўцам Аляксандры Герасімені і Аляксандру Апейкіну, якіх завочна асудзілі да 12 гадоў калоніі (ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса) і "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" (ч. 1 арт. 361-4 КК). Так кваліфікавалі яго адвакацкія парады, падрыхтоўку стачкамам зваротаў, а таксама інтэрв'ю "экстрэмісцкаму інтэрнэт-рэсурсу". За кратамі адвакат утрымліваецца амаль 10 месяцаў. Справу палітвязня будзе разглядаць суддзя Таццяна Фалькоўская.
Паводле версіі абвіначвання, Аляксандр Данілевіч з 9 жніўня 2020 года па 20 траўня 2022 года "шляхам дачы саветаў, указанняў, прадастаўлення інфармацыі, аказання іншай дапамогі садзейнічаў Аляксандры Герасімені і Аляксандру Апейкіну ў закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы краіны, у тым ліку прымяненне мер абмежавальнага характару (санкцый) у дачыненні да Рэспублікі Беларусь, яе фізічных і юрыдычных асоб". Такія заклікі адрасаваліся замежнай дзяржаве, замежнай і міжнароднай арганізацыям і былі здзейсненыя з выкарыстаннем СМІ і інтэрнэту.
Раней Следчы камітэт пісаў, што Данілевіч, "нягледзячы на наяўнасць вышэйшай юрыдычнай адукацыі і практыкі ў прававой сферы, вырашыў аказаць падтрымку экстрэмістам і прыхільнікам прававога нігілізму. Скаапераваўшыся з прадстаўнікамі дэструктыўных ячэек, Герасіменей і Апейкіным, актыўна раіў і садзейнічаў працэсам фарміравання публічных заклікаў экстрэмістаў да прычынення шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь. Адным з яскравых прыкладаў злачыннай дзейнасці Данілевіча з'яўляецца падрыхтоўка лістоў і дакументаў у адрас нарвежскай кампаніі "Yara", якая з'яўляецца надзейным буйным пакупніком прадукцыі ААТ "Беларуськалій" — калійных угнаенняў. У сваіх "лістах" ён выклаў заведама ілжывыя звесткі пра палітычную, эканамічную і сацыяльную сітуацыі ў Беларусі. Усю сваю дэструктыўную дзейнасць "адвакат", рэалізоўваў не самастойна, а прыкрываўся так званымі "страйкавымі камітэтамі". Напаследак, у спробе атрымаць грамадскае прызнанне ў шэрагах экстрэмістаў, у сакавіку мінулага года Данілевіч адкрыта размаўляў з экстрэмісцкімі рэсурсамі для стварэння дэструктыўнай інфармацыйнай павесткі".
Нагадаем, 26 снежня 2022 года Мінгарсуд завочна асудзіў спартсменку Аляксандру Герасіменю і Аляксандра Апейніка. Паводле ч. 2 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да санкцый, іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі) ім прызначылі па 12 гадоў пазбаўлення волі. Спартоўцаў прызналі вінаватымі ў тым, што яны праз "Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці" распаўсюджвалі ілжывыя звесткі аб падзеях у Беларусі са жніўня 2020 года па 20 траўня 2022 года. Менавіта гэты перыяд пасобніцтва Герасімені і Апейкіну ставіцца ў віну адвакату. 20 траўня Данілевіч быў затрыманы.
Адваката абвінавачваюць у тым, што з 17 жніўня 2020 года па 1 сакавіка 2021 года ён падрыхтаваў і адрэдагаваў тэкст не менш за тры звароты ад прадстаўнікоў "стачачных камітэтаў" у адрас нарвежскай кампаніі "Yara". Акрамя таго, Данілевіч даў інтэрв'ю экстрэмісцкаму інтэрнэт-рэсурсу, але паведамляецца, якому менавіта.
На думку праваабарончых арганізацый, інкрымінуемыя Данілевічу падрыхтоўка лістоў і дакументаў у адрас нарвежскай кампаніі "Yara" як "яркі прыклад злачыннай дзейнасці" з'яўляецца законным дзеяннем у рамках аказання юрыдычнай дапамогі, так як былі накіраваны на пакліканне кампаніі "Yara" да захавання стандартаў па бізнесе і правах чалавека і сваіх абавязацельстваў у гэтай сферы, якія замацаваны ў кіруючых прынцыпах прадпрымальніцкай дзейнасці ў аспекце правоў чалавека ААН 2011 і карпаратыўных палітыках самой кампаніі.
Нагадаем, адвакат быў затрыманы 20 траўня 2022 года ў межах крымінальнай справы. Пэўны час сутнасць справы не была вядома, аднак пазней высветлілася, што Данілевіча вінавацяць паводле ч. 3 арт. 361 КК (Заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі).
Аляксандр Данілевіч — шматдзетны бацька. Незадоўга да затрымання ён падпісаў антываенны зварот адвакатаў і юрыстаў датычна дзеянняў ва Украіне. Адразу пасля падпісання ліста супраць вайны ў Данілевіча пачаліся праблемы ў адвакатуры — завялі дысцыплінарную вытворчасць. Таксама яго звольнілі з БДУ, дзе ён больш за 20 гадоў выкладаў на факультэце міжнародных адносін.
Падтрымайце палітвязня: СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2 Аляксандр Станіслававіч Данілевіч