09.03.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, вайна ва Украіне У Гомельскім абласным судзе 9 сакавіка агучылі прысуд па справе за "агентурную дзейнасць на карысць Украіны". Грамадзяніну Украіны Паўлу Купрыенку прызначылі паводле арт. 358-1 (агентурная дзейнасць) сем гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Жыхара Гомельшчыны Тараса Мачынскага абвінавацілі ў "здрадзе дзяржаве" (ч. 1 арт. 356 КК) і прысудзілі 10 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. 32-гадовага Дзмітрыя Салавянчыка прызналі вінаватым ва "ўкрывальніцтве слядоў цяжкага злачынства" (ч. 1 арт. 405 КК) і прызначылі штраф у памеры 400 базавых велічыняў (14 800 рублёў). Такі прысуд вынес суддзя Руслан Царук. Працэс праходзіў з 14 лютага ў закрытым рэжыме.
Чатыры месяцы таму на дзяржаўным тэлебачанні выпусцілі відэасюжэт, у якім паведамлялася, што нібыта "КДБ Беларусі спыніў дзейнасць агентуры ваеннай разведкі Украіны". У сюжэце паказваюцца тры затрыманыя. Гэта грамадзянін Украіны, прадпрымальнік Павел Купрыенка і два грамадзяніна Беларусі, жыхары Гомельшчыны Дзмітрый Салавянчык і Тарас Мачынскі. Пры гэтым, паведамляецца, што Мачынскі атрымаў беларускае грамадзянства толькі ў 2010 годзе — прапагандысты яго называюць "былым украінцам". А Салавянчык працаваў кур'ерам у кампаніі Купрыенкі.
Паведамляецца, што ў Паўла Купрыенкі "былі заданні, у тым ліку, па маніторынгу грамадска-палітычнай абстаноўкі ў Беларусі". У яго нібыта знайшлі дакумент за подпісам начальніка Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны Кірыла Буданава. Прапагандысты сввярджаюць, што Купрыенку завербавалі ўкраінскія спецслужбы. Тараса Мачынскага абвінавачваюць у тым, што ён перадаваў дадзеныя аб размяшчэнні і перасоўванні па Беларусі вайсковай тэхнікі Купрыенку, а той, у сваю чаргу, — украінскім спецслужбам. Паведамляецца, што Салавянчыка "выкарыстоўвалі ў цёмную". У відэасюжэце распавядаюць, што Дзмітрый здымаў перамяшчэнне ваеннай тэхнікі ў Беларусі і прасіў пра гэта родных, а потым перадаваў Купрыенку, "не ведаючы, для чаго яны яму".
20 кастрычніка пра іх затрыманне выказваўся кіраўнік КДБ Іван Церцель:
"Мы бачым актывізацыю вядзення агентурнай разведкі з боку ўкраінскіх замежных спецслужбаў. Зусім нядаўна намі была спынена праца на нашай тэрыторыі створанай ваеннай выведкай Украіны рэзідэнтуры. Затрыманы рэзідэнт, грамадзянін Украіны, і двое нашых грамадзян, якія ўступілі на шлях здрады і працавалі ў інтарэсах замежнай дзяржавы".
КДБ спатрэбілася толькі тры месяцы для расследвання гэтай справы і перадачы яе ў суд.
Крыніца: Да 10 гадоў калоніі: вынесены прысуд па справе за "агентурную дзейнасць на карысць Украіны"