08.03.2023 Тэгі: пераслед, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 7-8 сакавіка збірае факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Улады прызналі Беларускую асацыяцыю журналістаў «экстрэмісцкім фармаваннем»

Адпаведнае рашэнне прынятае КДБ 28 лютага.

Намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі пракаментаваў пастанову КДБ аб прызнанні БАЖ «экстрэмісцкім фармаваннем». Ён заявіў, што гэта пагоршыць умовы працы беларускіх медыйшчыкаў, аднак сам статус не стаўся нечаканым.

Сацсеткі сатырычнага праекту «Чай з малинавым варэннем» прызнаныя «экстрэмісцкімі»

Адпаведнае рашэнне прынятае судом Ленінскага раёну Гродна 2 сакавіка. Таксама «экстрэмісцкім» прызнаны «лагатып — выява шэрага кубачка на зялёным крузе, у цэнтры якога маецца выява маліны белага колеру».

Акрамя таго экстрэмісцкі спіс папоўнілі асабістыя старонкі ў сацсетках карыстальніка «Сергей Байгот» і Telegram-суполка «Молодечно: Рагозы, Мойсичи, Хожево».

Праваабаронцам сталі вядомыя падрабязнасці затрымання меркаванага «ўкраінскага тэрарыста»

Праўладныя каналы апублікавалі кадры з затрыманнем меркаванага «ўкраінскага тэрарыста», які нібыта датычны да дыверсіі ў Мачулішчах

На відэа, якое апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы, садовае таварыства «Бярозавы Гай» у вёсцы Чарцяж (Бараўлянскі сельсавет). Затрыманне мужчыны на відэа адбылося ў суботу. Паведамляецца, што гэта Мікалай Швец, арыенціроўкі на якога распаўсюджвалі раней сілавікі.

Праваабаронцам паведамляюць, што яго фота паказвалі мясцовым жыхарам на мінулым тыдні сілавікі — аднак ніхто з вяскоўцаў гэтага чалавека ў вёсцы ніколі не бачыў.

Вяскоўцы кажуць, што на відэа затрымання меркаванага «ўкраінскага тэрарыста» фігуруе дом друкара Алега Сычова — яго разам з жонкай сілавікі затрымалі на мінулым тыдні ў гэтым самым доме. Цяпер Сычовых утрымліваюць у СІЗА КДБ.

Праваабаронцам паведамляюць пра затрыманне стралкоў у Мінску

Сярод затрыманых — удзельнік розных чэмпіянатаў па стральбе ў Беларусі.

Прычына затрымання невядомая, але блізкія мяркуюць, што яна можа быць звязаная дыверсіяй у Мачулішчах.

Палітвязня Івана Зянько перавялі ў калонію ў Горках

У судзе Шклоўскага раёна 9 лістапада асудзілі 40-гадовага палітвязня Івана Зянько паводле ч. 1 арт. 411 Крымінальнага кодэкса (Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы).

Суддзя Аляксандр Тараканаў прысудзіў Івану ў дадатак да пяці гадоў зняволення яшчэ адзін год ў калоніі. Гэта ўжо трэці суд над Іванам за два гады знаходжання за кратамі. У мінулай калоніі яго рэгулярна змяшчалі ў ШІЗА, потым перавялі ў ПКТ, а пазней узбудзілі чарговую крымінальную справу.

У лютым Івану пакінулі прысуд без зменаў, а скаргу без задавальнення. Нядаўна яго перавялі ў папраўчую калонію № 9 у Горках.

Падтрымайце Івана лістамі салідарнасці, паштоўкамі і тэлеграмамі: ПК № 9. 213410, г. Горкі, вул. Дабралюбава, 16, Іван Аляксандравіч Зянько.

Інфармацыя дапаўняецца.

Крыніца: БАЖ запісалі ў "экстрэмісцкія фармаванні", затрыманне стралкоў у Мінску: хроніка пераследу 7-8 сакавіка