06.03.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, дыфамацыя У судзе Маладзечанскага раёна 2 сакавіка асудзілі Дзмітрыя Лазара паводле арт. 391 (Абраза суддзі або народнага засядацеля), арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады), ч. 1 ат. 368 (Абраза Лукашэнкі) Крымінальнага кодэкса. Суддзя Дзяніс Барэйка прызначыў Дзмітрыю два гады і шэсць месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф памерам 100 базавых велічыняў (3700 рублёў). Дзяржабвінавачванне падтрымала памочніца пракурора Юлія Жук.
Мужчыну затрымалі 11 лістапада 2022 года і змясцілі пад варту.
Дзмітрыя абвінавацілі ў тым, што ў студзені 2022 ён у тэлеграм-чаце пакінуў абразлівыя каментары ў дачыненні да мінскай пракуроркі Жаны Баранавай, капітана мінскай міліцыі ДАІ Пакладка, капітана бабрускай міліцыі АМАП Быкава, суддзі суда Ленінскага раёна Гродна Мікалая Сяргейкі, маёра міліцыі, намесніка начальніка Фрунзенскага РАУС Мінска Марцуля, сяржантаў міліцыі АМАП Магілёўскага абласнога УУС Саратаса і Малафея.
У якасці матэрыяльнай кампенсацыі маральнай шкоды пракурорка Жана Баранава папрасіла суд спагнаць з Дзмітрыя 2000 рублёў, якія намеравалася пералічыць на карысць дзіцячага дома. Марцуль запрасіў 1500 рублёў. Заяўленыя сумы кампенсацыі Дзмітрый пагасіў адразу пасля яе абвяшчэння.
Баранава і Марцуль, пасля кампенсацыі маральнай шкоды, адазвалі свае пазовы супраць Лазара.
Мужчына цалкам прызнаў віну.
Дзяржавбінавачанне запрасіла для Дзмітрыя чатыры гады калоніі. Суддзя прыняў рашэнне асудзіць мужчыну на два з паловай гады пазбаўлення волі.
Падчас судовага працэсу мужчыну ўтрымлівалі ў клетцы. Пасля абвяшчэння прысуду, ён сказаў жонцы, якая была ў залі: “Я цябе кахаю”. На што наглядчык адказаў: “Цішыня ў залі”.
Дзмітрыю Лазару 38 гадоў. Мужчына мае вышэйшую адукацыю і працуе кіроўцам у прыватнай фірме. Мае шэсць дзяцей, з якіх тры непаўнагадовыя. Аднаму з іх два гады.