06.03.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед Фота ілюстратыўнае. Суд Савецкага раёна Мінска 26 студзеня асудзіў дырэктарку прыватнага прадпрыемства Наталлю Галавашчанка, абвінаваціўшы яе ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным ўдзел у іх (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса).

Справу маці двух непаўнагадовых дзяцей разглядаў суддзя Аляксандр Якунчыхін.

Да суда жанчына знаходзілася пад падпіскай аб нявыездзе.

Па матэрыялах абвінавачання, Галавашчанка ў 2020 годзе ў Мінску “прыняла актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады – супрацоўнікаў АУС, што прывяло да парушэнне працы транспарту і прадпрыемстваў. Выкарыстоўваючы ў якасці пратэстнай сімволікі палатно бел-чырвона-белага колеру з выявай герба Пагоня, замацаванае на вудзільна, стаяла і рухалася па праезнай частцы дарогі і паблізу праспекта Незалежнасці, блакавала і заступала шлях транспартным сродкам”.

Жанчыну вылічылі па фота з акцыі пратэсту, якое яна размясціла на сваёй старонцы ў “Інстаграм”.

Сваю віну ў ходзе судовага пасяджэння Наталля прызнала цалкам.

Суд прызначыў ёй пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два з паловай гады.

Крыніца: Маці двух непаўнагадовых дзяцей асудзілі да двух з паловай гадоў "хатняй хіміі" за ўдзел у акцыі пратэсту