06.03.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед Праваабаронцам стаў вядомы прысуд, вынесены судом Савецкага раёна Мінска мужу і жонцы Шафранскім – Арцёму і Святлане. Іх абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса).
Справу разглядаў суддзя Аляксандр Якунчыхін.
Вядома, што Арцём да затрымання працаваў мэнеджарам па продажах у камерцыйнай фірме, а Святлана з’яўлялася начальнікам аддзела гандлёвага прадпрыемства.
Сямейнікаў затрымалі 6 кастрычніка 2020 года, Арцём да суда ўтрымліваўся ў СІЗА №1 Мінска, Святлану адпусцілі да суда пад залог у суме 9 600 рублёў.
Па матэрыялах абвінавачання Арцём і Святлана Шафранскія пад час нядзельнай акцыі пратэсту ў верасні 2020 года ў Мінску прынялі актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі на праспекце Пераможцаў, блакавалі і заступалі шлях транспартным сродкам, у выніку чаго вышэйпаказаныя дзеянні пацягнулі парушэнне працы грамадскага транспарту.
Сваю віну ў судзе Арцём і Святлана прызналі цалкам.
Суд, які адбыўся 10 студзеня, прызначыў ім пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады і шэсць месяцаў (“хатняя хімія”).
Крыніца: Мужа і жонку Шафранскіх асудзілі ў Мінску па "народным" артыкуле