04.03.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед Суд Кастрычніцкага раёна Мінска 23 лютага асудзіў да двух з паловай года 43-гадовага ўладальніка сервіснага цэнтра па рамонту кампутарнай тэхнікі Сямёна Акулу. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў лістападаўскай акцыі пратэсту ў 2020 годзе і ў тым, што ён нібыта выплочваў сваім падначаленым заробак "у капертах". Прысуд вынесла суддзя Алена Жывіца. Вядома, што менавіта такое пакаранне і прасіў пракурор.

Дом правасуддзя. Фота spring96.org
Дом правасуддзя. Фота spring96.org

Паводле версіі абвінавачвання, Акула, будучы ўласнікам прадпрыемства, з кастрычніка 2017 года да верасня 2021 года "ўносіў недакладныя звесткі ў ведамасную і статыстычную справаздачнасць, памяншаючы велічыню фактычна выплачанай работнікам прадпрыемства заробку, а таксама выдаваў падначаленым звыш афіцыйна налічанага заробку грошы "ў капертах" без выплаты неабходных сум у якасці абавязковых страхавых унёскаў у бюджэт". Гэтыя дзеянні кваліфікаваныя паводле ч. 2 арт. 216 Крымінальнага кодэкса (прычыненне маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу).

"Сваімі дзеяннямі ён прычыніў маёмасны ўрон дзяржаве без прыкмет крадзяжу ў асабліва буйным памеры",  гаворыцца ў абвінавачванні.

Акрамя таго, Сямёна Акулу абвінавацілі ў тым, што ён у лістападзе 2020 года на тэрыторыі Мінска "прыняў актыўны ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах". Гэтыя дзеянні кваліфікавалі паводле ч. 1 арт. 342 КК.

Вядома, што мужчыну затрымлівалі 9 верасня 2021 года ў мінскім офісе па рамонту кампутарнай тэхнікі на вуліцы Багадановіча. Сілавікі тады вынялі ўсю тэхніку. Па папярэдняй інфармацыі, мужчына мог знаходзіцца пад вартай паўтары года. 43-годдзе Сямён адзначыў на працэсе.

Суд пачаўся ў пачатку лютага, усяго прайшло дзесяць пасяджэнняў. Суддзя Алена Жывіца асудзіла мужчыну да двух гадоў і шасці месяцаў калоніі, як і прасіла дзяржаўнае абвінавачванне.

Падтрымайце зняволенага: СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2,Сямён Віктаравіч Акула

Крыніца: Уладальніка цэнтра па рамонту кампутарнай тэхнікі асудзілі да 2,5 года калоніі