04.03.2023 Тэгі: крымінальны пераслед, акцыі, праваабаронцы, салідарнасць, Amnesty International Асобы: Алесь Бяляцкі, Уладзімір Лабковіч Акцыі салідарнасці ў падтрымку палітзняволеных Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча пасля і перад абвяшчэннем сябрам “Вясны” драконаўскіх прысудаў прайшлі ў многіх гарадах свету.
Нагадаем, У судзе Ленінскага раёна Мінска 3 сакавіка быў абвешчаны прысуд па крымінальнай справе супраць заснавальніка "Вясны" і Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, яго намесніка і віцэ-прэзідэнта FIDH Валянціна Стэфановіча, каардынатара кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" і юрыста Уладзіміра Лабковіча і праваабаронцы Дзмітрыя Салаўёва (завочна). Яны прызнаныя вінаватымі паводле ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса за "фінансаванне пратэстаў" у 2020 годзе і паводле ч. 4 арт. 228 КК за "кантрабанду наяўных грашовых сродкаў арганізаванай групай". Суд прызначыў вялікія тэрміны зняволення – ад 7 да 10 гадоў калоніі і буйныя штрафы.
Гданьск
Увечары 2 сакавіка акцыя "Скажы “Не!" прысудам Алесю Бяляцкаму і вясноўцам" прайшла ў польскім Гданьску. Мясцовыя беларусы выйшлі да гістарычнай брамы горада з лампадамі і партрэтамі палітвязняў.
"Мы хочам выразна і гучна сказаць Лукашэнку, што мы не згодныя на паказальныя працэсы, мы не згодныя на несправядлівыя прысуды, мы не згодныя на працяглыя тэрміны зняволення праваабаронцаў", - казалі пад час акцыі яе арганізатары.
Люблін
У польскім Любліне беларуская дыяспара правяла 3 сакавіка акцыю салідарнасці, падтрымаўшы кветкамі і плакатамі зняволеных "вясноўцаў".
Стакгольм
“Свабоду Алесю Бяляцкаму! Свабоду “Вясне”! Свабоду Беларусі! - пад такімі лозунгамі прайшла акцыя салідарнасці ў Стакгольме.
“Разам са шведскім ПЭН-клубам, "Беларусамі Швецыі", Народнай амбасадай Беларусі ў Швецыі, "Рэпарцёрамі без межаў" і Керсцін Лундгрэн мы правялі дэманстрацыю за свабодную #Беларусь і палітычных зняволеных краіны ля пасольства Беларусі.
Сёння лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі і яго калегі Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч і Дзмітрый Салауеў з беларускага праваабарончага цэнтра "Вясна" былі прысуджаныя да турэмнага зняволення за іх праваабарончую дзейнасць у Беларусі. Мы будзем працягваць змагацца за беларускіх палітвязняў датуль, пакуль усе яны не будуць неадкладна і безумоўна вызваленыя!” – піша пра акцыю Ostgruppen.
Капенгаген
На акцыю салідарнасці з асуджанымі праваабаронцамі беларусы выйшлі і ў сталіцы Даніі - Капенгагене.
Брусэль
Пікет супраць расправы над лідэрамі праваабарончага цэнтра “Вясна” прайшоў у сталіцы Бельгіі Брусэлі.
Што казалі на акцыі салідарнасці ў Вільні
Акцыі салідарнасці прайшлі таксама ў Варшаве, Тбілісі і іншых гарадах.
Будзе дапоўнена.