04.03.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, палітвязні, адвакатура У судзе Ленінскага раёна Мінска 3 сакавіка паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (удзел у дзеннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) да аднаго года калоніі асудзілі палітзняволенага адваката Міхаіла Макарава. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыі пратэсту ў 2020 годзе ў Мінску. Справу разглядала суддзя Юлія Шчоткіна. За кратамі яго ўтрымліваюць амаль паўгады. 

Міхаіла Макарава затрымалі з жонкай і яшчэ адной адвакатакай Анастасія Сагановіч 13 верасня 2022 года. Тады затрыманне адваката сілавікі звязвалі з абаронай палітзняволеных актывістаў анархічнага руху. Ён абараняў палітзняволенага Мікіту Дранца па справе "Рэвалюцыйнага дзеяння". Адразу адваката асудзілі на 15 сутак у судзе Фрунзенскага раёна Мінска па арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Пасля гэтага яму выставілі абвінавачванне паводле арт. 342 КК і перавялі ў СІЗА, дзе ён утрымліваецца да гэтага часу.

3 лістапада 2022 года Міністэрства юстыцыі пазбавіла Міхаіла ліцэнзіі з прычыны "дысцыплінарных спагнанняў і за здзяйсненне правінаў, несумяшчальных са званнем адваката".

2 сакавіка 2023 года над адвакатам, пазбаўленым ліцэнзіі, распачаўся суд. У выніку, яму прызначылі адзін год калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Падтрымайце палітвязня: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Міхаіл Юр'евіч Макараў

Крыніца: Адваката Міхаіла Макарава асудзілі да года калоніі за ўдзел у акцыі пратэсту