02.03.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, дыфамацыя У Мінскім абласным судзе 27 лютага асудзілі 24-гадовага Івана Котава паводле чатырох артыкулаў: ч. 1 арт. 130 (Распальванне іншай сацыяльнай варожасці), ч. 1 арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), ч. 3 арт. 361 (Заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, якія скіраваныя на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь), ч. 1 арт. 368 (Абраза Лукашэнкі) Крымінальнага кодэкса. Суддзя Уладзімір Арэшка прызначыў Івану тры гады і шэсць месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Пра вынік прысуда паведаміла Tribuna.com.
Нагадаем, хлопца абвінавацілі ў тым, што ён з’яўляўся ўдзельнікам “экстрэмісцкіх” тэлеграм-каналаў і чатаў, у якіх з 12 жніўня па 23 верасня 2020 года пакінуў каментары. Як сцвярджае пракуратура Мінскай вобласці, у каментарах Івана змяшчаліся выказванні аб нелегітымнасці дзеянняў праваахоўных органаў; распальванне сацыяльнай варожасці; заклікі, рэкамендацыі і навучальныя інструкцыі для ўдзелу ў пратэсных акцыях; заклікі да страйкаў; абраза Лукашэнкі.
Мужчыну затрымлівалі ў 2020 годзе на пратэсных акцыях, у 2021 годзе затрымалі падчас канцэрта гурта РСП на базе адпачынку пад Смалявічамі, пасля чаго арыштавалі на 15 сутак.
Івану Котаву 24 гады. Ён са Смалявіцкага раёну. Хлопец актыўна займаецца спортам. У 2017 годзе атрымаў разрад кандыдата ў майстры спорта па безэкіпіровачнаму паўэрліфтынгу. У 2020 годзе скончыў БНТУ па спецыяльнасці “Тэхнічнае забеспячэнне эксплуатацыі спартовых аб’ектаў”.
Таксама Іван захапляецца футболам і валейболам і вядзе ўласны ютуб-канал “ВлогИКа”, дзе распавядае навіны спорту. Таксама ён экс-вядучы сацсетак “Энергетыка-БДУ”.