У Магілёўскай сярэдняй школе № 17 ўчастковыя камісіі №153 і 154 выдалілі назіральнікаў ад АГП Уладзіміра Грышанава і Аляксандра Царука за вядзенне відэаздымкі на ўчастку і размяшчэнне яе ў сацыяльных сетках.
«Два нашыя назіральнікі на 2-х участках у школе пазбаўленыя акрэдытацыі, - паведаміў сайту ucpb.org старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі АГП Уладзімір Шанцаў. - Прычым пенсіянер Грышанаў, які не ўмее весці відэаздымку, і які карыстаецца інтэрнэтам і не мае для гэтага гаджэта, выдалены за відэаздымку і размяшчэнне відэа ў інтэрнэце».
На думку Шанцава, гэта помста за тое, што назіральнікі дапамагалі выкрываць факты выбарчых каруселяў, пра што магілёўскі лідэр АГП падрабязна распавёў на сваёй старонцы ў Фэйсбук:
«Мы, 16 лютага з 10 да 12 гадзін, «дзяжурылі» у школе 17, дзе размешчаныя 3 выбарчыя ўчасткі Вішнявецкай выбарчай акругі, па якой балатуецца Таццяна Сіваченка. Я звярнуў увагу, што пад'ехала спачатку адна навучальная машына. З яе выйшлі, схадзілі ў школу, вярнуліся і з'ехалі. Затым пад'ехала другая вучэбная машына, з якой выйшлі двое і пайшлі ў школу. Доўга не вярталіся, калі выходзілі, за імі ішоў наш назіральнік, сказаў, што гэтыя 2-е прагаласавалі на трох участках. На відэа мужчыну апазналі, ён - інструктар аўташколы Шынкароў Л.Ф.».
«Цяпер мы рыхтуем скаргі ў пракуратуру», - заявіў Шанцаў.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”.
Крыніца: Магілёў: назіральнікам ад АГП адпомсцілі за выкрыццё карусельшчыкаў