02.03.2023 Тэгі: крымінальны пераслед, палітвязні, экстрэмізм У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 1-2 сакавіка збірае факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

СК распачаў крымінальную справу па факце сходу прыхільнікаў ПВК "Родан" У Гомелі

Крымінальная справа ўзбуджаная паводле «народнага» артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Паведамлялася, што 28 лютага сілавікі затрымалі 200 чалавек ва ўзросце ад 13 да 21 года. З іх 183 — непаўналетнія. Вядома, што на выхадзе з ГЦ «Сакрэт» міліцыя прымяніла дубінкі.

«Аналагічныя "зборы" такіх падлеткаў-прыхільнікаў у Расіі і Украіне заканчваліся беспарадкамі і масавымі бойкамі ў грамадскіх месцах», — спасылаецца на вопыт суседніх краінаў СК.

Паведамляецца, што ўсе неўпаналетнія затрыманыя пераданы бацькам.

У Гомелі затрымалі мужчыну за заклікі ўступаць у полк Каліноўскага

Інфармацыя аб затрыманні гамельчука з’явілася ў адным з праўладных тэлеграм-каналаў. Як сцвярджаецца ў "пакаяльным" відэа, мужчына пакідаў каментары ў “экстрэмісцкіх” тэлеграм-каналах з заклікамі беларусаў далучацца да палка Каліноўскага і ваяваць на баку Украіны. Сілавікі сцвярджаюць, што ён нібыта перадаваў інфармацыю аб перамяшчэнні раеннай ваеннай тэхнікі ў Беларусі.

Яму ставяць у віну "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" (361-4 КК).

У Беларусі новыя "экстрэмісцкія фармаванні"

Гэта «Климовичи ЧАТ» і «Дважды К», якія былі ўнесеныя ў адпаведны спіс згодна з рашэннем МУС ад 1 сакавіка.

2 сакавіка МУС дадаў у спіс суполку «Мая краіна вольная вялікая еўрапейская Беларусь»

Гаворка ідзе пра суполку ў «Аднакласніках» і «Facebook».

У Гомелі затрыманы актывіст Ілля Міронаў

Пра гэта ён паспеў паведаміць у сваіх сацсетках.

У мінулым кастрычніку Іллю асудзілі да 1,5 года калоніі па «справе Зельцэра». За кратамі яго ўтрымлівалі больш за год.

Палітзняволены Дзяніс Івашын зноў апынуўся ў Гродне

Дзяніс Івашын

Жонка палітвязня Вольга Івашына паведаміла, што маці Дзяніса — Людмілу Івашыну — папрасілі прыйсці ў гарадзенскую вязніцу, каб забраць з складу рэчы, якія ён вырашыў болей не цягаць з сабой: пераважна гэта кнігі і часопісы.

Прычына вяртання Івашына ў родны горад з магілёўскай калоніі, а таксама тэрмін ягонага знаходжаньня ў Гродне пакуль невядомыя.

Інфармацыя дапаўняецца

Крыніца: Крымінальная справа на ПВК "Родан", затрыманне за заклік далучацца да каліноўцаў: хроніка пераследу 1-2 сакавіка