28.02.2023 Тэгі: пераслед, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 28 лютага лютага збірае факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Жыхара Светлагорска затрымалі, калі ён прыехаў з Расіі ў Беларусь мяняць пашпарт

Сёлета мужчына, які з 2019 года жыў у суседняй краіне, страціў у Расіі пашпарт і вярнуўся на радзіму для афармлення новага. Практычна адразу ж ён быў затрыманы.

Як паведамляе МУС, у 2021 годзе ён «у групавым чаце пакінуў абразлівы допіс пад фотаздымкам міліцыянта са Светлагорскага РАУС». Яму інкрымінуюць «абразу службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў».

Пасля вяртання з-за мяжы быў затрыманы чарговы беларус 

Праваабаронцам стала вядома, што ў СІЗА-1 на Валадарскага знаходзіцца 32-гадовы Максім Сташулёнак. Мужчына быў затрыманы напачатку лютага, пасля вяртання ў Беларусь з-за мяжы.

Яму інкрымінуецца «народны» арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

У 2020-ым годзе Максім працаваў пажарным і папярэдзіў жыхароў «Каскаду», што іх БЧБ едуць здымаць. Пасля гэтага яго звольнілі.

Супраць жыхаркі Пружанскага раёну распачалі крымінальную справу за інтэрв'ю «экстрэмісцкім СМІ»

Як піша СК, 29-гадовая жанчына двойчы дала інтэрв'ю інтэрнет-рэсурсам, якія былі прызнаныя «экстрэмісцкімі фармаваннямі».

Зэльвенскім раённым аддзелам Следчага камітэта ёй прад'яўлена абвінавачанне па ч.1 і ч.2 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). З санкцыі пракурора да яе прыменена мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту.

Вядома, што пасля падзей 2020 года жанчына з'ехала ў Еўропу. Пражывала ў Польшчы, Італіі, Нідэрландах. Прыбыўшы на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, у пачатку бягучага года, была затрымана супрацоўнікамі міліцыі.

Праваахоўнікі шукаюць Пазняка. Але не Зянона

Да сваякоў былога карэспанэдэнта рэгіянальных медыя Берасцейшчыны Аляксандра Пазняка наведаліся міліцыянты — цікавіліся ягоным месцам знаходжання. Пры гэтым прычыны падвышанага інтарэсу так і не агучылі.

У нядаўнім мінулым Аляксандр Пазняк — карэспандэнт рэгіянальнага навіновага партала “Першы рэгіён” і незалежнай газеты “Ганцавіцкі час”. Але не так даўно ён выйграў “грын-карт” ураду ЗША і ад канца 2021 года жыве ў Нью-Ёрку, піша БАЖ.

Інфармацыя дапаўняецца.

Крыніца: Затрымліваюць па вяртанні з-за мяжы: хроніка пераследу 28 лютага