28.02.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, дыфамацыя У судзе Пінскага раёна і г. Пінска 28 лютага абвясцілі прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да мясцовага блогера Мікалая Клімовіча — адзін год калоніі. Яго абвінавацілі ў абразе Аляксандра Лукашэнкі паводле арт. 368 Крымінальнага кодэкса ў сатырычным малюнку, які ён размясціў у сацыяльнай сетцы. Такі прысуд вынес суддзя Андрэй Бачыла па прапанове пракурора Іллі Гузарэвіча, негледзячы на тое, што Мікалай Клімовіч мае інваліднасць II групы па сэрцу. Мужчыну арыштавалі ў залі суда, бо да прысуду ён быў на волі.

Нядаўна Мікалая Клімовіча ўжо судзілі за падобныя дзеянні, але па адміністрацыйнай справе паводле арт. 19.10 КаАП. За тое, што ў сацыяльнай сетцы "Одноклассники" ён паставіў рэкцыю "смешна" пад карыкатурай на Уладзіміра Пуціна, намаляванага ў нацысцкай форме. Суддзя Андрэй Бачыла прызнаў блогера вінаватым у распаўсюдзе нацысцкай сімволікі і прызначыў яму штраф у памеры 111 беларускіх рублёў.

Як піша "БАЖ", увагу сілавікоў сацсеткі Мікалая Клімовіча прыцягнулі ў снежні мінулага года. Тады яго затрымалі і змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. За кратамі блогер адседзеў трое сутак, пасля яму стала дрэнна з сэрцам, бо мае інваліднасць у сувязі з хваробай сэрца. Міліцыянты перадалі яго лекарам на лячэнне і вызвалілі да суда.

Крыніца: Пінскага блогера асудзілі да калоніі за карыкатуру на Лукашэнку