27.02.2023 Тэгі: крымінальны пераслед, палітвязні, умовы ўтрымання Сяргей Ціханоўскі. Фота: svaboda.org, Уладзь Грыдзін У судзе г. Жодзіна 14 лютага пачалі разглядаць крымінальную справу супраць аўтара youtube-канала "Страна для жизни" Сяргея Ціханоўскага. Яго абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Сёння суддзя Іван Грынкевіч прызнаў палітвязня вінаватым і прызначыў яму ў дадатак да 18 гадоў калоніі яшчэ паўтара года зняволення. Сваю віну Ціханоўскі не прызнаў. Вядома, што ў жодзінскай турме Сяргея два месяцы бесперапынна ўтрымлівалі ў ШІЗА ў нечалавечых умовах.

Палітзняволены Сяргей Ціханоўскі — аўтар Youtube-каналу "Страна для жизни" пра праблемы звычайных беларусаў і заснавальнік аднайменнага палітычнага руху. Спачатку выстаўляў сваю кандыдатуру ў прэзідэнты самастойна, але пазней падтрымаў ідэю Міколы Статкевіча аб «кандыдатах пратэсту». Яму не далі зарэгістраваць уласнай ініцыятыўнай групы, пасадзіўшы пад арышт за «несанкцыянаванае мерапрыемства» падчас падачы дакументаў. Замест яго ў кандыдаты пайшла жонка — Святлана Ціханоўская. Ён жа зрабіўся даверанай асобаю жонкі і ўдзельнічаў у ейнай кампаніі.

Палітвязень быў затрыманы 29 траўня ў Гродне ў выніку правакацыі на легальным пікеце – пры тым сам ён у канфлікце не ўдзельнічаў, спрабаваў сысці ад нападніцы. За чатыры гадзіны да інцыдэнту Лукашэнка апісаў нейкае здарэнне, вельмі падобнае да пазнейшай правакацыі супраць Ціханоўскага.

Аднак у выніку яго абвінавацілі па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў); ч. 3 арт. 130 (распальванне сацыяльнай варожасці); ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК); ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Суд па “справе Ціханоўскага” праходзіў у закрытым рэжыме ў будынку гомельскага СІЗА на працягу амаль шасці месяцаў.

14 снежня ў Гомелі быў абвешчаны прысуд Ціханоўскаму — 18 гадоў пазбаўлення волі ўзмоцненага рэжыму. Акрамя гэтага, Генеральная пракуратура выставіла пазоў да абвінавачаных у памеры 3,078 мільёнаў рублёў (1,2 мільёнаў долараў).

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, фігуранты "справы Ціханоўскага" таксама павінны будуць сплаціць 22 мільёны рублёў кампенсацыі — як пазначана ў судовым рашэнні, "для выплат супрацоўнікам Міністэрства ўнутраных спраў за дадатковы час на службе падчас паслявыбарчых пратэстаў".

У пачатку ліпеня палітвязня этапавалі ў папраўчую калонію № 15. Але ўжо праз месяц за "парушэнне рэжыму ўтрымання" яму ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым у Жодзіна. Амаль адразу пасля этапу яго змясцілі ў ШІЗА, адкуль ён выйшаў толькі праз два месяцы.

У студзені стала вядома, што супраць Ціханоўскага ўзбудзілі крымінальную справу паводле арт. 411 КК — "злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы". Па дадзеных следства, палітвязень падчас адбыцця тэрміну "сістэматычна дапушчаў непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, правакаваў канфлікты, у тым ліку з сукамернікамі, за што неаднаразова падвяргаўся спагнанням".

У судзе г. Жодзіна 14 лютага распачаўся суд над блогерам. Суддзя Іван Грынкевіч 27 лютага прызнаў палітвязня вінаватым і прызначыў яму яшчэ паўтара года зняволення. Па сукупнасці прысудаў канчаткова яму прызначылі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 15 гадоў 9 месяцаў 5 дзён. З іх 2 гадоў 5 месяцаў і 18 дзён ён будзе адбываць у турме. На судзе Ціханоўскі не прызнаў віну.

Па інфармацыі праваабаронцаў, агулам за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі папраўчай установы» ўжо асуджана  не менш за 16 палітвязняў.

Падтрымаць Сяргея лістамі салідарнасці і паштоўкамі: Турма № 8. 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А, Сяргей Леанідавіч Ціханоўскі.

Ад 14 да 18 гадоў калоніі. Вынесены прысуды па "справе Ціханоўскага"

У Гомелі 14 снежня быў абвешчаны прысуд шасці палітвязням: Сяргею Ціханоўскаму, Ігару Лосіку, Мікалаю Статкевічу, Уладзіміру Цыгановічу, Арцёму Сакаву і Дзмітрыю Папову.

Крыніца: Палітвязню Сяргею Ціханоўскаму прызначылі яшчэ паўтра года зняволення