27.02.2023 Тэгі: крымінальны пераслед, дыфамацыя У Мінскім абласным судзе вынесены прысуд 34-гадоваму жыхару сталіцы Аляксандру Емельянаву, абвінавачанаму ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці (ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса) і абразе Аляксандра Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса).
Судовы працэс праходзіў з 25 па 27 студзеня. Суддзя – Алена Міснік.
Па матэрыялах абвінавачання, Аляксандр Емельянаў, 20 лістапада 2020 года, затым 19 снежня 2021 года, а таксама з лютага па май 2022 года са свайго мабільнага тэлефона «Xiaomi Redmi 7A» размясціў у мэсэнджары Telegram некалькі паведамленняў, у якіх “утрымлівалася відавочна негатыўная ацэнка супрацоўнікаў праваахоўных органаў, вайскоўцаў, а таксама групы асоб, аб'яднаных па прыкмеце нацыянальнай прыналежнасці. Як паказала лінгвістычная экспертыза паведамленні мелі ненарматыўную форму маўленчага выказвання. У іх абвінавачаны заклікаў да гвалту ў дачыненні да прадстаўнікоў такіх груп, распальваў нацыянальную і сацыяльную варожасць і варажнечу.
Таксама Емельянаў 6 сакавіка і 29 мая 2022 года са свайго мабільнага тэлефона размясціў у сетцы Інтэрнэт каментары з выкарыстаннем нецэнзурнай лексікі, у якіх даваў відавочна негатыўную ацэнку асобы кіраўніка дзяржавы, прыніжаў яго гонар і годнасць.
Прозвішча Емельянава КДБ напачатку 2023 года ўнесла ў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці».
Суд па сукупнасці злачынстваў прызначыў яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін тры гады з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Мабільны тэлефон абвінавачанага як сродак здзяйснення злачынстваў канфіскаваны ў даход дзяржавы ў парадку спецыяльнай канфіскацыі.