24.02.2023 Тэгі: ціск, умовы ўтрымання, рэпрэсіі, затрыманні, гісторыі вязняў Паўтара года таму Васіль працягваў будаваць сваё жыццё ў Беларусі: працаваў бармэнам, развіваў бізнэс, пачаў рамонт, быў упэўнены, што хутка ажэніцца. У канцы 2021 года прыйшлі да дзяўчыны Васіля. Магчыма, менавіта таму ўсяго чацвёра супрацоўнікаў ГУБАЗІК і "без зброі нагала". Але падчас вобшуку ў тэлефоне хлопца знайшлі відэа з 9 жніўня 2020 года, якія ён вырашыў пакінуць на памяць. І галоўная мэта адразу памянялася. Васіля вывелі з кватэры ў кайданках і павезлі ў ГУБАЗіК. Наперадзе былі карцар Акрэсціна, чатыры месяцы на "Валадарцы" і прысуд у тры гады "хіміі".
Хлопец распавёў "Вясне", як задушванні ў калідоры Акрэсціна зрабіліся руцінай, як сілавікі эксплуатуюць "зонаўскія паняцці" і як дзіўна ўсведамляць, што патэлефанаваць дадому табе даў не адвакат, а супрацоўнік ГУБАЗа.
Перавыхаванне "змагароў"
"Ужо ў кабінеце мяне папярэджвалі ў звыклай для ГУБАЗа форме, што мяне чакае: "Два гады пасядзіш". Праз тое, што сітуацыя вельмі для мяне сюррэалістычная — я не верыў у Вялікага Брата — мне было шчыра смешна назіраць, што адбываецца. Асабліва ўлічваючы, якія кары мне прапанавалі: "паедзеш у "пеўневыя" хаты", прыходзілі рознага кшталту пагрозы сэксуальнага гвалту. Распавядалі пра віртуознае валоданне дубінкай і пра тое, што са мной будуць рабіць і як нас, "змагароў", трэба перавыхоўваць.
Калі мне прапанавалі зняць "пакаяльнае відэа", я пагадзіўся беспярэчна. Я разумеў, што яно ў кожным разе будзе знята. Аднак праз мой прыўзняты настрой і нейкую ўнутраную гістэрыку я смяяўся падчас запісу. На чацвёртай спробе супрацоўнік дастаў з шафы дубінку, удакладніў, ці ведаю я, чаму яна называецца ПР-73. Я выказаў здагадку, што гэта год стварэння, адказ быў няслушны — і я атрымаў пару разоў у бок. Мы знялі пятую спробу, але мой дэбют акцёрскі не выйшаў".
Тэлефанаванне дадому — платнае
"У СК выклікалі адваката "палажняковага", прабачце, дзяржаўнага, якога павінны даваць. Для гутаркі з ім мяне вывелі ў калідор, дзе сядзелі два супрацоўнікі, якія мяне затрымалі. Ён прапанаваў мне паразмаўляць проста побач з імі — я адразу адмовіўся ад ягоных паслуг. Адзінае, што мне ад яго трэба было, — звязацца з бацькамі ці сябрамі, таму што я непакоіўся за нашых сабак. Бо супрацоўнікі пагражалі: "Паедуць сабачкі на Гурскага". А матэматыка простая: калі я еду на Акрэсціна, я еду на 15 сутак, а сабак на Гурскага трымаюць 14 дзён. І адвакат не даў мне патэлефанаваць, сказаў, што тады трэба падпісваць дамову і плаціць.
Але мне, як ні дзіўна, даў патэлефанаваць супрацоўнік ГУБАЗа. Гэта быў першы момант усведамлення, што, падобна, я надоўга. Сябра было пачуць даволі цяжка".
Спачуванне забойцаў
"Я правёў на Акрэсціна 8 дзён. Першапачаткова падумаў, што гэта размеркавальная камера. Гэта быў аднамесны карцар, дзе стаяць 8 чалавек. Маглі легчы ў поўны рост тры чалавекі. Ляжалі людзі, так бы мовіць, высокага прыярытэту для здароўя, бо сярод нас сядзелі людзі 40+ ці з праблемамі са здароўем. На жаль, быў перыяд самых жорсткіх маразоў, да -17, і ў нас не зачынялася акно, і гэта была бяда.
На Акрэсціна мяне больш за ўсё ўразіла гісторыя Андрэя, былога падпалкоўніка міліцыі, вядомага тым, што спаліў сваю форму. Андрэй правёў ва ўмовах карцара 46 дзён — на бетоне, узімку. Ён быў у даволі цяжкім стане: ужо з гнайнікамі ў роце. Вельмі цяжка яму было размаўляць, цяжка было есці. І ён пры мне рукамі выціскаў гэтыя гнайнікі ў сябе ў горле. Рэпрэсіўная машына адладжаная на такіх чуваках, як я. Калі такія, як я, трапляюць у канвеер, то па іх проста каталіся, адчувалася, што гэта помста. Андрэй — былы калега начальніка Акрэсціна. Да яго ставіліся як да чалавека, які здзейсніў страшную памылку. На нейкім абходзе начальнік Акрэсціна падклікаў Андрэя, па-бацькоўску тлумачыў яму: "Ты бачыш, дзе ты апынуўся. Навошта ты так зрабіў?" Забойцы, якія спачуваюць, — неяк так".
Практыка задушвання на Акрэсціна
"У адной змене ёсць знакаміты хлопец, у яго была мянушка "Амоныш", ён ужываў катаванні да зняволеных, асабліва палітычных. Ён ніколі не з'яўляўся без балаклавы. То бок гэта чалавек, які ведае, што трэба трымаць свой твар у таямніцы. Па голасе мы яго ўсе пазнаем. Вельмі мы яму не падабаліся: "ластаўкамі" стаялі на калідоры, і падчас вобшуку двойчы на дзень на праверках былі ці ўдары, ці задушванні. Ён локцем упіраецца табе ў спіну, бярэ за каўнер і адцягвае. І ты шыпіш секунд 20, пакуль ён робіць выгляд, што цябе абшуквае. Разы два я атрымаў сапраўды па рэбрах дубінкай ад гэтага хлопца. Па нагах я ўжо не лічу: ён літаральна на шпагат саджаў людзей. А аднойчы за правіну суседняй камеры мы стаялі гадзіны да трэцяй ночы.
"Каць, ну ты ж сама ўсё разумееш"
У карцары было цяжка фізічна, але маральна значна прасцей, чым у СІЗА. Там было адзінства. Усе аб'яднаныя адзінай ідэяй, усе разумеюць, чаму яны тут знаходзяцца, і ёсць зразумелы супернік звонку".
"Валадарка". Камера з гвалтаўнікамі
"Я ў выдатным настроі, таму што чакаю магчымасці паспаць — я тыдзень не спаў. Седзячы ў мяне гэта не атрымліваецца, ну і плюс як толькі ў камеры рабілася ціха, на Акрэсціна было пра што падумаць.
Па матрацы мы схадзілі, я вярнуўся ў тую ж камеру, аднак праз пяць хвілінаў мяне перавялі. Я мяркую, што праз артыкулы ці, мабыць, праз нейкія мае паводзіны, бо я жыццярадасны занадта быў. Гэта была асноўная і вельмі непрыемная рэпрэсія ў дачыненні да мяне — перавод у гэтую камеру. Таму што гэта ў турэмнай этыцы псуе тваю рэпутацыю. Я не мог гэтага ведаць, натуральна.
У камеры былі два чалавекі з непрыстойнымі артыкуламі — два гвалтаўнікі. У мяне яшчэ была глыбокая памылка, што калі турмы запоўненыя палітычнымі зняволенымі, то там проста лагер нейкі, там усе на адной хвалі. Але выявілася, што турма жыве і квітнее. Я тады сутыкнуўся ўпершыню з тым, што яны асобна ядуць, з імі не размаўляюць, ім нельга ні да чаго дакранацца і гэтак далей. І для мяне гэта было шокам, я ім шчыра спачуваў. Яны мне давалі свае паперы пачытаць, пыталіся, што ім рабіць. Ты тыдзень не спаў, але сядзіш і выслухоўваеш двух гвалтаўнікоў.
Дзесьці пасля абеду мяне паднялі ў камеру. (Раней гэта была камера на 9 чалавек — 4 двух'ярусныя і адзін аднаярусны ложкі. Людзі, якія ў гэтай камеры правялі каля паўтара года, заспелі момант, калі пачалі прыварваць трэція ярусы.) "Палітычных" там было двое, я трэці. Мне адразу ж дапамаглі гігіенічнымі прыладамі, выдалі нават ручнік, шкарпэткі — такі акт салідарнасці. Я распавядаю сваю гісторыю, расслабляюся і кажу, у якую камеру зайшоў… І цішыня. Проста мёртвая.
Мне тлумачаць, што я мусіў гэтых дваіх чувакоў нагамі — не рукамі ні ў якім разе — выгнаць з камеры, інакш я трапляю "пад пытанне", што ў турэмнай этыцы цябе набліжае да нізкага статусу зняволеных. Адбываецца кансіліум, куды мне класціся спаць. Хтосьці выступае ў маю абарону, маўляў, ён праз няведанне, а хтосьці сапраўды асцерагаецца мяне, як заразнага. Месяц пасля гэтага ты перажываеш даволі непрыемную гісторыю, калі ты трошкі ў сацыяльным плане ніжэй за твайго стандартнага сукамерніка. За кожным тваім крокам назіраюць 10 мужыкоў, якім няма чым заняцца, — ты ў страху зрабіць няправільны крок".
Яўген Рубашка, чалавек які пераадольвае
"Мне здаецца, гэта чалавек, які больш за ўсё ў маім жыцці на мяне паўплываў. Жэня — чалавек, які пераадольвае. Насуперак усяму ён будзе хіліць сваю лінію. Гэта чалавек, які будзе спрачацца з вертухаямі, калі яны не маюць рацыі. Чалавек, які абсалютна не памыляецца ў сваіх правах. Чалавек, якога вельмі складана атруціць турмой. Чалавек, які ўмее адчуваць, думаць. Яму хацелася дзяліцца. Там у людзях было шмат турмы. Жэня гэтую турму разбіваў".
"Выціскаць у турме зэка і шукаць чалавека"
"Нашага "зараджанага за хату" злавала, што мы "палітык" адзін аднаго называем: "Тут няма палітыкаў, тут адны няўдачнікі". Рэч у тым, што ў сучаснай беларускай турме справядлівасці няма нідзе. Ёсць артыкулы, якія знішчаюць людзей і без палітычнага матыву: 328, 333 ("Незаконны абарот моцнадзейных ці атрутных рэчываў") — вар'яцкі артыкул, які ўраўноўвае зброю і допінг. Разуменне агульнай сітуацыі было, але гэта не ўспрымалася як страшная рэпрэсіўная машына: "мусара сваволяць".
Людзі там вельмі закрытыя. У прынцыпе няшчырыя. Ніхто не хоча ў чужое гора лезці. Не тое што мне трэба было скардзіцца, але часам пагаварыць на чалавечыя тэмы вельмі трэба. А ў турме звычайна папера — гэта твой адзіны сябар. Людзі, якія сядзяць там, спрабуюць быць зэкамі звонку. У мяне быў адзін сукамернік, яму 19 гадоў, на 15 гадоў сеў. Ён таксама спрабаваў быць са мной шчырым, але шчырым ён быў на паперы. Першы ліст ён мне ў канверце перадаў. Суседнія шконкі ў нас былі. Мы маглі сядзець і размаўляць, а ён пісаў. Таму што адкрывацца ў турме вельмі страшна. Яны замыкаюцца на сухім выкананні нейкіх няпісаных правіл. Ланцужок страху бясконцы: страх перад суседзямі, перад паняццямі, перад невядомым.
Я паставіў сабе за мэту, пакуль знаходжуся там, турму з людзей выбіваць. Лез пад рэбры, з усімі размаўляў. І я шчыра спачуваў практычна кожнай гісторыі, якую я чуў. Гэта страшна — усё, што там адбываецца, не толькі ў палітычных. Гэта знішчэнне чалавека. І я нагадваў людзям, што гэта несправядліва. Яны ўжо думаюць КПК, КК, юрыдычнымі тэрмінамі спрабуюць абгрунтаваць свой лёс і сваё чалавечае "я".
У нас пад канец былі вельмі цёплыя адносіны з сакамернікамі. Калі сустракаюць у хаце, чыфір п'юць і праводзяць дакладна гэтак сама. І калі праводзяць, кожны кажа штосьці, як на Дні народзінаў. І тры чалавекі заплакалі. Што я лічу поспехам. Плачце, гэта трэба ўсё… Выціскаць у турме зэка і шукаць чалавека — вось чым там можна і трэба займацца".
Лісты цэнзару
"У мене не склаліся адносіны з цэнзарамі. Першы месяц наогул не перадавалі лістоў — ні ад мяне, ні да мяне. За чатыры месяцы ў мяне было 120 лістоў адпраўлена, і дайшлі дзесьці 30. Я канверты "цэнзару СІЗА № 1" адпраўляў — і пусты ліст ці поўны праклёнаў".
Блаславенне сукамернікаў
"Я прасіў блаславення ва ўсіх сваіх сукамернікаў устаць у позу "ківалы", у сэнсе прызнаць віну на судзе і на апошнім слове сказаць, што памылку зрабіў.
Там існуе меркаванне, што калі ты прызнаеш віну на судзе, ты ідзеш дадому ці на "хімію". На такую маральную штуку цябе і штурхаюць, і ад гэтага яшчэ больш агідна. Тым не менш людзі, якія асуджаныя на няволю, кажуць: "Думай пра родных, пра сябе". Мне было страшна і вельмі хацелася выбрацца хутчэй, у тым ліку таму што шмат што змянялася: пачалася вайна, у мяне адносіны з дзяўчынай пачалі трэсціся, лісты я атрымліваў з прабеламі, і мне здавалася, што ў мяне памірае бацька, бар развальваецца. Хацелася як мага хутчэй выбрацца і ўсё гэта спыніць.
Псіхалагічная дапамога: Віды псіхалагічных цяжкасцяў, з якімі сутыкаюцца пацярпелыя ад рэпрэсій
Вось Жэня Рубашка віну, натуральна, не прызнаваў. Мы з ім шмат пра гэта размаўлялі: можна ў гэтым убачыць гульню, у якой ты прайграў, апынуўшыся за кратамі, а можна ўбачыць гэта як асабістую барацьбу. Я быў не гатовы. І адвакатка мяне ў гэтым "файна" падтрымлівала ў дрэнным сэнсе. З яе боку не было гаворкі пра нейкую абарону.
Пракурор запатрабаваў тры гады "хіміі" з накіраваннем, і так, нават пасля маёй агіднай "ківальскай" прамовы нічога не змянілася.
Дарэчы, я знаходзіўся на прафілактычным уліку як "схільны да экстрэмізму і іншай дэструктыўнай дзейнасці", з прычыны чаго ад моманту, як я трапляў у зону адказнасці канваіраў, я мусіў знаходзіцца ўвесь час у кайданках: калі ехаў на суд, чакаючы ў "стакане", падчас судовага пасяджэння. Толькі на тэрыторыі СІЗА гэтыя кайданкі з цябе здымаюць".
Сувязь з Беларуссю
"Я быў засмучаны, што давялося з'ехаць праз тры дні пасля таго, як выйшаў — у мяне было вельмі шмат планаў. Сувязяў з Беларуссю вельмі шмат, у тым ліку таму што я працую ў беларускім бары. Размовы пра Беларусь я чую значна часцей, чым хачу. Бо галавой ты ўвесь час там. Нават польскія нумары не запісваеш у тэлефоне — я ж вярнуся. Пакуль што самота на кончыках пальцаў, а не нейкая ўсвядомленая.
Больш за год прайшло з моманту, калі мяне затрымалі. Я як быццам дагэтуль лінію не падвёў: усё, турма скончылася. Я не назаву гэта ўсё досведам, па-шаламаўску. Гэта ўсё дрэнь поўная, да якой датыкацца не трэба. Гэта гісторыя брытвай зразала шмат людзей, думак. Шмат дзярма раскапаў у сабе. Але навучыўся злавацца. Як выявілася, пакуль ты на штосьці не ўплываеш, нічога не змяняецца. І тут трэба быць больш узлаваным.
Я спрабую цяпер не забываць, што я сабе падабацца павінен: рабіць так, як лічу правільным. Каб гэта не ішло з чагосьці надуманага — рэлігіі ці палітычных перакананняў. Не забываць, дзе ты ў гэтых усіх арыенцірах".
Праваабаронцы працягваюць збор і дакументаванне фактаў катаванняў і парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі Калі вы пацярпелі ад катаванняў з боку сілавікоў ці сутыкнуліся з бесчалавечным і жорсткім абыходжаннем у СІЗА, парушэннем правоў чалавека — калі ласка, пішыце нам: Telegram: @ViasnaDOC | Email: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду. ❗️Пры жаданні вы можаце падзяліцца сваёй гісторыяй ананімна |
Крыніца: "Я паставіў сабе за мэту, пакуль знаходжуся там, выбіваць з людзей турму"