23.02.2023 Тэгі: грамадства, правы чалавека (Не)Час для інклюзіі — мерапрыемства з такой назвай зрабіла беларуская моладзевая арганізацыя “Іншыя” у Вільні, у прасторы Imaguru. Падчас яго прэзентавалі дапаможнік “Як падрыхтаваць і правесці інклюзіўнае мерапрыемства. Рэкамендацыі для арганізатарак_аў”, а таксама падыскутавалі на тэмы актуальнасці інклюзіі ў цяперашні час.

Хто такія “Іншыя”?

“Іншыя» – гэта беларуская моладзевая арганізацыя, якая працуе для Беларусі і для моладзі Беларусі. Арганізацыя маладая — існуе адзін год. Яе сузаснавальніца Марына Штрахава раней з’яўлялася прадстаўніцай іншай арганізацыі:

“Наша гісторыя падобная на шмат гісторый іншых арганізацый, якія працавалі ў Беларусі. Часткова наша каманда была камандай “Жывой Бібліятэкі”, якуя я разам з іншымі цудоўнымі людзьмі заснавалі у 2014 годзе. Потым нас ліквідавалі ў 2021 годзе — і каманда прыняла рашэнне закрыць арганізацыю — і Жывой Бібліятэкі больш не існуе.  Але каманда не магла не рабіць важнага — і заснавала “Іншыя”.

"Людзі – больш, чым стэрэатыпы", або Крыху аб правах чалавека

Жнівень 2019-га: Цэнтр развіцця эфектыўнай камунікацыі “Жывая бібліятэка” разам з Галерэяй “Ў” правёў “Шчырыя размовы пра інклюзію”.

 Нам важны скразныя каштоўнасці, правы чалавека, інклюзія, гендэрная роўнасць, правы чалавека — і прасоўваем ім. З тэмай інклюзіяі працуем у некалькіх кірунках — з аднаго боку, мы хочам, каб прасторы і мерапрыемствы станавіліся больш інклюзіўнымі, а з іншага — каб людзі з дыскрымінаваных і стыгматызаваных груп былі больш бачнымі”, —  адзначыла сузаснавальніца "Іншых" Марына Штрахава.

З тэмай інклюзіі і звязана даследаванне і распрацаваныя рэкамендацыі “Як падрыхтаваць і правесці інклюзіўнае мерапрыемства”, якія “Іншыя” і прэзентавалі падчас мерапрыемства.

Амаль пяцігадовая гісторыя

Гісторыя стварэння рэкамендацый пачалася ў 2018 годзе, калі яшчэ існавала “Жывая бібліятэка”, распавяла Марына Штрахава:

“Мы зрабілі маніторыг даступнасці у публічных прасторах горада Мінска. З гэтага дзеяння і запусціўся наш інклюзіўны кірунак. Падчас гэтага даследавання мы размаўлялі з рознымі бакамі: з уладальнікамі і ўладальніцамі прастораў, з тымі, хто робіць мерапрыемства ў гэтых прасторах, і крыху закранулі самі ўразлівыя групы. І адзін з вялікіх запытаў ад тых, хто арганізоўвае, і тых, хто валодае прасторамі, быў: “Інклюзія —гэта класна, і мы гатовыя з гэтым працаваць, АЛЕ гэта такая вялікая тэма, і было б класна, калі б у адным месцы было ўсё коратка і зразумела сабрана”. То бок была такая мара—існаванне спісу.

І мы пра гэта задумаліся, і пачалі вывучаць інтэрнэт прастору – і аказалася, што праўда: нейкага дапаможніка, які б даваў парады, як зрабіць мерапрыемства ці прастору больш інклюзіўнай, не існуе”.

Фота: ПЦ
На мерапрыемстве Жывой бібліятэкі. 2019 год

Таму каманда “Жывой бібліятэкі” вырашыла адказаць на такі запыт і рэалізаваць яго на практыцы. Але працэс расцягнуўся — з-за наўпроставага і ўскоснага дзеяння рэпрэсій і вайны.

“У 2020-м, негледзячы ні на што, мы пісалі праект і гатовыя былі запукаць яго ў пачатку 2021 года. Тады нам падавалася, што гэта ўсё супер-актуальна – таму што перамога літаральна заўтра, і нарэшце ў новай Беларусі будуць адразу такія крутыя рэкамендацыі, якія мы прасунем паўсюль, дзе толькі можна — і ў Міністэрства культуры, і ў Міністэрства адукацыі—зробім з гэтага стандарт, як праводзіць мерапрыемствы.

Летам 2021-га нашу арганізацыю ліквідавалі, а восенню мы вымушаны былі рэлакавацца. І гэта ўсё: асэнсаванне, што небяспечна заставацца ў краіне, праца падчас рэлакацыі, адаптацыя ў новай краіне, а потым і пачатак вайны — мы былі здэмаралізаваныя, таму працэс зацягнуўся. І таму рэкамендацыі з’явіліся ў 2022 годзе, а прэзентуем мы іх толькі цяпер, у 2023-м”, — распавяла Марына Штрахава.

Што ў рэкамендацыях?

Пра тое, як ствараліся рэкамендацыі “Як падрыхтаваць і правесці інклюзіўнае мерапрыемства”, распавёў сузаснавальнік “Іншых” Дзмітрый Радзіеўскі:

“Для нас было вельмі важна зрабіць гэтыя рэкамендацыі з практычнага пункту карыснымі для арганізатарак і арганізатараў мерапрыемстваў – бо яны найперш як асноўная мэтавая аўдыторыя. Але рэкамендацыі будуць карысныя і ўладальнікам публічных прастор — бо там утрымліваецца вельмі вялікі пул інфармацыі пра тое, якой павінна быць прастора і як яе можна палепшыць, каб вашыя мерапрыемствы былі больш інклюзіўнымі. І мы стараліся ўлічыць той вопыт, які маем мы, а таксама вопыт калежанак і калег, якія працуюць у сферы інклюзіі — бо існуе куча розных спецыялістаў і спецыялістак, шмат інфармацыі — але няма адзінай крыніцы. Таму мы стараліся збіраць інфармацыю і адаптаваць яе ў больш простую мову — і ўсё гэта сфарміравана ў адзіны чэк-ліст”.Рэкамендацыі знаходзяцца тут:

Як падрыхтаваць і правесці інклюзіўнае мерапрыемства. Рэкамендацыі для арганізатарак_аў

Гэтыя рэкамендацыі ― наша спроба сабраць у адно ўвесь досвед у інклюзіўным падыходзе, які ёсць у нас і нашых каляжанак і калег, і перадаць яго тым, хто толькі пачынае свой шлях у інклюзіі і баіцца зрабіць першы крок. Пры гэтым і тыя, хто ўжо працуе з інклюзіяй, змогуць знайсці тут штосьці карыснае і цікавае.

 Акрамя прэзентацыі рэкамендацый, у прасторы Imaguru ў Вільні прайшла дыскусія, дзе сярод іншага закраналіся тэмы актуальнасці тэмы інклюзіі і з’яўлення новых уразлівых груп.

Меркаванні: “Уразлівыя групы — гэта ўжо шмат хто з нас”

прадстаўніца па сацыяльных пытаннях у Аб’яднаным перахдным кабінеце Беларусі і былая палітзняволеная Вольга Гарбунова, адзначыла, што пытанні, якія ўключаюцца зараз у тэму інклюзіі, і новыя ўразлівыя групы, якія з'явіліся ў беларусаў і ў Беларусі, — гэта абсалютныя змены. І падзялілася сваім асабістым досведам:

"У мяне з'явіліся новыя ідэнтычнасці. Напрыклад, апошні раз, калі я адчула сябе выключанай, быў злучаны з тым, што я падавалася на міжнародную абарону — а калі абвяшчаюцца розныя колы і запрашаюць на розныя мерапрыемствы, то там не так часта такое пытанне могуць задаць: у цябе няма пашпарта і ты невыязная. Для мяне гэты момант звязаны з выключэннем і тым, як мы цяпер рыхтуемся да мерапрыемстваў, разуменнем, наколькі цяпер нашы ідэнтычнасці змяняюцца і нашы ўразлівыя групы пашыраюцца".

Хатні, жнівеньскі і акушэрскі... Гвалт. Размова з Вольгай Гарбуновай у падкасце "Вясна прыйдзе

Выпуск запісаны, пакуль яшчэ Вольга Гарбунова не была палітзняволенай. У падкасце слухаем яе голас і знаёмімся з яе досведам пра гвалт.

 Вольга Гарбунова звярнула ўвагу і на з'яўленне новых уразлівых груп у тэме інклюзіі:

"Мне здаецца, што яшчэ некалькі гадоў таму, калі казалі пра інклюзію, то часцей за ўсё ўяўлялі такія выключаныя групы, як людзі з інваліднасцю. Або часта мы чулі пра дзяцей — калі, плануючы нейкае мерапрыемства, рэдка хто падумае пра дзіцячы пакой і няню — таму частка нашай мэтавай групы выключаецца [з мерапрыемстваў].

Мне здаецца, пратэсты ў Беларусі паказалі, наколькі ўмоўна ўразлівыя групы гатовыя аб'ядноўвацца, гатовыя вяртаць сабе свой голас: мы бачылі і жаночыя маршы, і маршы людзей сталага веку, і маршы людзей з неабмежаванымі магчымасцямі, і квір-калону. На пратэсты выходзілі і людзі іншых нацыянальнасцяў, шматдзетныя, маці-адзіночкі. Гэта заяўлялася грамадзянскай пазіцыяй. Гэта тое важнае, што адбылося ў Беларусі.

Я думала: якія ж у нас цяпер ёсць уразлівыя групы? На жаль, іх шмат: у сітуацыі палітычных рэпрэсій, у сітуацыі вайны ва Украіне і ўсіх акалічнасцяў мы атрымалі шэраг новых уразлівых груп. Напрыклад, людзі, якія прайшлі праз катаванні ў жніўні 2020 года. Я не ўпэўненая, што, калі мы зараз будзем арганізоўваць нейкае мерапрыемства, разумеючы, што туды могуць прыйсці людзі з посттраўматычным стрэсавым разладам, то гэта не запатрабуе ад нас нейкіх дадатковых захадаў — наконт выбару прасторы, дзе мы будзем ладзіць такое мерапрыемства, наконт фармату, наконт людзей, якія будуць суправаджаць і патрэбныя ў каманду, якія будуць мець досвед рэагавання ў выпадку трыгернай сітуацыі.

[Сярод новых уразлівых груп] напрыклад, сведкі гвалту на вуліцы. Шмат хто з нас імі зрабіліся. І пра гэтую тэму на сённяшні дзень гаворыцца мала. Гэта "шэрая зона".

Палітвязні і сем'і палітвязняў. Людзі часта кажуць пра тое, што яны выходзяць са зняволення — і адчуваюць сябе дэзарыентаванымі, самотнымі, страчанымі. Для мяне гэта маячкі: людзі адчуваюць сябе выключанымі.

Добраахвотнікі, якія вярнуліся і прыехалі на рэабілітацыю, на лячэнне.

І, вядома ж, мігранткі і мігранты. Людзі з досведам бяздомнасці і ўцякацтва — гэта насамрэч ужо шмат хто з нас. Я не думаю, што мы зможам абмінуць гэтыя тэмы. Магчыма, не цяпер, але праз год-два-тры мы атрымаем пэўныя супольнасці з гэтым унікальным досведам "2020-2023". Гэта прымусіць нас думаць пра тое, што нам трэба прадумваць перад тым, як рыхтаваць нейкае мерапрыемства: якія патрэбныя будуць новыя ўмовы, супрацоўнікі, новае навучанне, новы рэсурс".

А Лізавета Шалай, актывістка і праектная менеджэрка CreateCulture Groupe адзначыла:

“Няма такога часу, калі не час для інклюзіі і для даступнасці.

Я памятаю, калі раней мы збіраліся [паміж] НДА, было такое пытанне: ці час зараз увогуле для актыўнасці трэцяга сектара — альбо трэба пачакаць, і усім працаваць на тое, каб змянілася ўлада, мы жылі ў дэмакратычнай краіне — а потым ужо нашыя каштоўнасці самі прыйдуць? [Адказ:] яно так не адбудзецца, і калі здаецца, што ўсё супер-дрэнна — гэта той момант, калі трэба будаваць, ці пачынаць будаваць, ці прадаўжаць будаваць тое, што нам падаецца важным.

Таму я думаю, што час”.

Крыніца: “Няма такога часу, калі не час для інклюзіі”.